«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча
2023-10-04 10:00
Кнігу «На беразе Волі» надрукавалі ў берлінскім выдавецтве Дзмітрыя Строцава Hochroth-Minsk. Пад вокладкай новага выдання змясцілася паэтычныя квінтэсэнцыя перажытага за апошнія 3 гады — вершы, якія Хадановіч напісаў у Менску, Варшаве, Краснагрудзе, Батумі, Вене, Кракаве і Гданьску. Візуальны ўступ да тэкстаў стварыла мастачка Святлана Дземідовіч, вядомая сваёй бліскучай працай для кнігі «Побач» паэткі Насты Кудасавай.
Пачынаецца кніжка вершам «На беразе Волі», што паклала на музыку Вольга Падгайская, а заканчваецца «Навагодняй паштоўкай», якую зрабіла песняй і заспявала Аня Хітрык.
«Такая кніга павінна трапіць да чытача, скаванага жыццёвай неўладкаванасцю ў эміграцыі ці межамі края захопленага, дзе «нельга чытаць», бо няма свабоды. Вітальнымі лістамі (у абодвух сэнсах гэтага слова) паўстаюць вершы пра яе адсутнасць і неабходнасць, чаканне перамен, прагу застацца побач нават на адлегласці, афарбаваныя не толькі роспаччу, але надзеяй: «краты — гэта толькі падрыхтоўка да жыцця, дзе не існуе крат», — піша пра паэтычны зборнік выдавец Дзмітрый Строцаў.
Пагартаць свежае выданне можна будзе ўжо 7 кастрычніка. Сваю новую кнігу Андрэй Хадановіч разам з Дзмітрыем Строцавым прэзентуе на варшаўскай
«Прадмове».