На Берасцейшчыне ўсё менш дзяцей ходзяць у школу
2020-05-07 14:59
У адукацыйных установах Берасця ды Берасцейскай вобласці па-ранейшаму захоўваецца нізкая наведвальнасць.
Бацькі спадзяюцца, што дзеці, якія так і не пайшлі ў школы, а займаюцца дыстанцыйна, нарэшце будуць атэставаныя:
– Калі літаральна тыдзень таму ўзровень наведвальнасці быў, прыкладна, каля трыццаці працэнтаў, то зараз школы і садкі наведвае толькі кожны чацвёрты. Асноўная прычына — пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэгіёне і ў краіне ў цэлым.
Афіцыйная статыстыка гучыць з аддзела адукацыі Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэта. Менш за ўсё наведваюць дашкольныя ўстановы — у некаторыя з іх не ходзіць нават і дваццаць працэнтаў.
Выстаўленне адзнак адбываецца праз электронныя дзённікі, асноўныя заданні настаўнікі дасылаюць праз емейл або праз спецыяльна створаныя сістэмы. Цяпер узровень ведаў могуць кантраляваць не толькі прадстаўнікі адукацыйных аддзелаў выканаўчай улады, але і самі бацькі.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце