- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У сакавіку—маі 2002 года адбыўся Рэспубліканскі дзіцячы конкурс на лепшыя літаратурныя творы і малюнкі па тэмах: «Мой родны кут, як ты мне мілы...» і «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». У конкурсе бралі ўдзел 176 дзяцей з розных куткоў Беларусі. Экспертная камісія атрымала 55 малюнкаў і 121 літаратурны твор, з якіх перамаглі адпаведна 31 і 44. Было шмат прац, якія спалучалі ў сабе і літаратурныя, і жывапісныя творы. Адабраць лепшыя было надзвычай цяжка. Не дзіўна, што лаўрэатамі сталі аж 70 удзельнікаў гэтага конкурсу. Нашая зямля з няспыннай упартасцю нараджае яскравыя таленты па ўсёй Беларусі, а збіраць іх, даць магчымасць праявіць сябе і закліканы такія конкурсы. Вялікую колькасць твораў даслалі дзеці з вёсак Нясвіжскага, Глыбоцкага, Шаркоўшчынскага, Гомельскага, Полацкага, Петрыкаўскага, Шчучынскага, Круглянскага, Івацэвіцкага, Светлагорскага і іншых раёнаў. З Мінска, на жаль, было даслана толькі 17 прац. Узнагародаю для ўсіх лаўрэатаў конкурсу стала вандроўка ў Балгарыю. Для дзяцей з далёкіх куткоў Беларусі, з невялікіх вёсак і мястэчак гэта быў сапраўдны падарунак, таму што большасць з іх ніколі не выязджалі за межы нашай краіны і не бачылі мора. Арганізавала конкурс управа Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». А ажыццяўленне гэтага праекта стала магчымым дзякуючы руплівасці і клопатам спадарыні Ірэны Каляда-Смірноў, кіраўніку Дабрачыннага фонду ў Кліўлендзе (ЗША). (А. Макоўская, Уступ, фрагмэнт)