«Мне 22 гады, і два гады зь іх я правяла ў турме». Прэзэнтавалі кнігу «Няскоранае пакаленьне»
2025-03-14 18:15
13 сакавіка ў праскім Інстытуце вывучэньня таталітарных рэжымаў адбылася прэзэнтацыя кнігі «Няскоранае пакаленьне» — зборніку гісторыяў беларускіх студэнтаў, жыцьці якіх зьмяніліся ў 2020 годзе. Гэта 25 галасоў маладых беларусаў і беларусак, якія апынуліся ў выгнаньні, прайшлі праз рэпрэсіі і турмы.
Праца над кнігай ішла больш за год. Спачатку нямецкая арганізацыя
Science at Risk прапанавала апублікаваць структураваныя ўспаміны, падобныя больш да навуковых ці філязофскіх эсэ, але з такой канцэпцыяй працаваць не ўдалося. Людзям было патрэбна выказаць і адрэфлексаваць свае гісторыі. У выніку зьявіліся 25 тэкстаў, якія з дапамогай брытанскага
Ўорыцкага ўнівэрсытэту пераклалі на ангельскую мову. У кнігі тры вэрсіі — на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Яны дасяжныя як у папяровай вэрсіі, так і бясплатна ў электронным фармаце.
Некаторыя эсэ ў кнізе падпісаныя рэальнымі імёнамі, некаторыя — псэўданімамі. Спачатку кожны аўтар заставаўся пад сваім імем, але праз узмацненьне рэпрэсіяў і пагрозу для родных частку гісторыяў вырашылі ананімізаваць.
Фрагмэнты з кнігі:
«„Дзякуючы“ турме ў мяне ў 19 гадоў былі сівыя валасы і праблемы з вэстыбулярным апаратам. Рэчы вельмі зьмяніліся, і я зьмянілася таксама. Цяпер я на волі, мне споўнілася 22 гады. Свае папярэднія дні народзінаў я сьвяткавала ў турме, як іншыя палітычныя зьняволеныя сьвяткуюць зараз. Мне 22 гады, і два гады зь іх я правяла ў турме». Ананімная аўтарка падпісаная як «трынаццаты чалавек»
«Там [у турме. — РС] я сустрэла Марфу Рабкову, валянтэрку ПЦ „Вясна“. У мяне быў шок, я толькі два тыдні таму пісала ёй пісьмо, а цяпер мы дзялілі адну камэру. І толькі пазьней я даведалася, што па ілжывым абвінавачваньні ёй прысудзілі 14 гадоў». Ангеліна
Гісторык Віктар Шадурскі, які выступаў на прэзэнтацыі, называе кнігу дакумэнтам эпохі. Можна спрачацца, што 25 студэнтаў не прадстаўляюць усіх беларусаў, што агулам мы — больш талерантныя і канфармісцкія, але галоўная вартасьць кнігі, паводле Шадурскага — шчырасьць. Ён кажа, што вельмі важна захаваць сапраўдныя ўспаміны сьведкаў, і прапануе тым, хто быў на іншым баку, таксама напісаць сваю вэрсію. А наступныя пакаленьні будуць вырашаць, каму верыць.
«Беларуская мірная рэвалюцыя 2020 году — гэта адна з самых важных падзеяў гісторыі Беларусі, якая паказвае нашу эўрапейскасьць. Гэта падзея, калі сьвет паглядзеў на Беларусь, пабачыў беларускую нацыю і тое, як потым пратэсты атрымалі паразу. Так будуецца беларуская нацыя, і, на жаль, гэта драматычны і часам трагічны працэс. Нам патрэбна як мага больш сьведкаў гэтых падзей. І студэнты — адны з самых важных сьведкаў, бо гэта пакаленьне будучыні».
«Кніга, якая можа падарыць усім надзею»
Адным з аўтараў эсэ быў Аляксандар Паршанкоў — гісторык-скарыназнаўца, сябра Каардынацыйнай Рады. Для яго было асабліва важным перадаць словы ягонага сябра Аляксандра Фядуты, які цяпер у турме.
Аляксандар Паршанкоў выступае на прэзэнтацыі
У 2022 годзе Фядуту прысудзілі 10 гадоў турмы за «ўдзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». У ліставаньні з Паршанковым Фядута вельмі шмат пісаў пра сваё пакаленьне, якое ня здолела зрабіць шмат патрэбных рэчаў, якімі зараз павінны займацца студэнты. Аляксандар Паршанкоў лічыць, што мэта кнігі — данесьці да чытача галасы і гісторыі простых беларусаў, якія ня могуць прагучаць з трыбун палітыкаў.
«Гэта кніга — вельмі складаная, але поўная надзеі, якой мы вельмі патрабуем сёньня. Я думаю, што гэтая кніга можа падарыць усім надзею».
«У турме я больш за ўсё баялася, што мяне ніхто не дачакаецца»
У прэзэнтацыі ўдзельнічала былая палітзьняволеная Тацьцяна Якельчык, якую асудзілі ў «справе студэнтаў». Яе эсэ таксама ёсьць у кнізе — дзяўчына ўспамінае, як пры затрыманьні сілавікі праводзілі вобшук ня толькі ў яе кватэры, але і ў яе бабы і дзеда. Дзяўчына змагла ўпрасіць іх не турбаваць родных, а сказаць, што яна праходзіць сьведкай у справе пра злачынства. Калі ператрус скончыўся, яна не змагла прытуліць бабулю і дзядулю на разьвітаньне. Пакуль яна адбывала тэрмін у калёніі, яе дзед памёр, а бабуля пражыла безь яго толькі шэсьць месяцаў.
Тацьцяна прызнаецца, што расказваць пра асабістыя моманты было складана, бо яна не магла падзяліцца імі ў звычайнай размове. Але калі словы былі на паперы, гэта дзейнічала як тэрапія, стала лягчэй.
«Перад 2020 годам я чытала пра палітзьняволеных у падручніках гісторыі і ніколі не думала, што сама буду часткай гістарычных падзеяў. Я ўдзячная, што мае ўспаміны цяпер ёсьць ня толькі ў маёй галаве, што яны захаваюцца дзесьці яшчэ. Я спадзяюся, што кнігу прачытаюць як мага больш людзей і даведаюцца, што ў Беларусі ўсё яшчэ сядзяць тысячы палітвязьняў з асабістымі гісторыямі, здольнымі разьбіваць сэрцы».
Кніга для тых, хто быў бы рады пажыць у дыктатуры?
«Няскоранае пакаленьне» таксама выйшла на ангельскай мове, у перакладзе кніга называецца «The Unbroken Generation». На прэзэнтацыі быў Пол Гансбэры, дасьледнік з Ўорыцкага ўнівэрсытэту, які дапамагаў зь яе перакладам. Ён кажа, што ангельскамоўнай літаратуры пра Беларусь вельмі мала і што часткова такі стан выкліканы адсутнасьцю інтарэсу.
Паводле дасьледніка, для чытачоў зь Вялікай Брытаніі ці ЗША, якія ўсё жыцьцё пражылі ў дэмакратычных краінах, усё гэта здаецца «гісторыямі з далёкага сьвету». Гэта ўплывае на вынікі сацыялягічных апытаньняў, дзе маладыя людзі адказваюць, што былі б радыя пажыць у дыктатуры. Дасьледнік спадзяецца, што калі такія людзі пачытаюць кнігу, яны зразумеюць, што ў дыктатуры адбываюцца рэчы, у якія ты нават ня можаш паверыць, калі жывеш у дэмакратыі.
«Цябе не арыштоўваюць, ня садзяць у турму і дакладна не катуюць, калі ты крытыкуеш прэзыдэнта ці прэм’ер-міністра. Я вельмі хачу, каб чытачы зразумелі гэта. Але акрамя гісторыяў пра рэпрэсіі, кніга прасякнутая пачуцьцём эмпатыі, унівэрсальнай рэчы для ўсіх людзей».
Касі Будзько, былой палітзьняволенай, якую асудзілі ў «справе студэнтаў», у турме больш за ўсё дапамагалі іншыя вязьні, асабліва палітычныя. Ведаць, што яна была не адна ў гэтай барацьбе, было вельмі важна — Кася скончыла вечарыну заклікам інфармацыйна і фінансава падтрымліваць былых і цяперашніх палітвязьняў.