Наш калега, падляшскі беларускі пісьменнік Міхал Андрасюк адзначыў сваё 65-годдзе. Ладны кавалак жыцця займаецца ён літаратурнай дзейнасцю, піша творы, якія не толькі вядомыя як у Польшчы, так і ў Беларусі, але неаднаразова былі ўзнагароджаны разнастайнымі прэміямі. Так, яго кніга «Белы конь» атрымала літаратурную прэмію прэзідэнта горада Беласток імя Веслава Казанэцкага.
Таксама Міхал – лаўрэат 2-й прэміі імя Ежы Гедройця ў 2019 годзе за кнігу «Поўня». А 25 сакавіка 2020 года за гэту ж кнігу ён стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”.
РР: Што для цябе значаць твае кнігі, наколькі ўдалося адлюстраваць тыя думкі, тыя пачуцці, і, магчыма, памкненні, якія ўнутры існуюць ці існавалі раней?
Міхал Андрасюк: Калі зазіраеш у кнігу, якая ўжо пабачыла свет, выйшла з друкарні, заўсёды хацелася б яшчэ штосьці выправіць, штосьці памяняць. І мне здаецца, што гэты працэс бясконцы. І мне здаецца, што большасць аўтараў, напэўна, хацела б штосьці ў сваіх кнігах памяняць.
Я пішу доўга. Выходзіць кніга раз на пару гадоў, адна на пяць гадоў, на шэсць. Доўгія перапынкі. Доўга ляжаць гэтыя тэксты, выспяваюць. А што мне ўдалося? Калі пішу, ніколі не стаўлю ніякай мэты перад кнігай. Што гэтая кніга павінна зрабіць, чаго дасягнуць, памяняць свет… Не. Але вельмі прыемна, калі ўсё ж такі не сыходзіць кніга без водгуку.
РР: Хто твой чытач? Наколькі шматлікі ён тут, на Падляшшы, у Польшчы, бо маеш пераклады на польскую мову, а таксама ў Беларусі?
Міхал Андрасюк: З беларускім чытачом у Польшчы, вядома, праблема існуе. Усё менш людзей чытае па-беларуску. Нават карэнныя ці этнічныя беларусы далёка не ўсе валодаюць беларускай мовай і ў змозе чытаць кірыліцу. Яшчэ нейкі чытач застаецца. Таму нейкім паратункам для нас, беларускіх аўтараў, з’яўляюцца пераклады на польскую мову. Хтосьці мог бы сказаць, а чаму не пісаць адразу па-польску? Жывеш у Польшчы, польская мова ж не чужая, можаш пісаць па-польску. Штосьці магу, а чагосьці не магу. Ёсць такія тэмы, якія можна пісаць толькі на роднай, на матчынай мове. І тады варта такія тэксты пісаць па-беларуску і перакласці на польскую, каб дайсці да польскага чытача.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя