Маска – 1 рубель. Рэспіратараў – няма
2020-05-02 20:20
Больш за месяц таму Аляксандр Лукашэнка загадаў ліквідаваць дэфіцыт масак у беларускіх аптэках.
Дэфіцыт нарэшце знік, але ў значнай ступені дзякуючы не лёгкай прамысловасці, а прыватнікам. Многія прыватныя фірмы заняліся шыццём гэтага найпрасцейшага сродку індывідуальнай абароны, і на віцебскім кірмашы, прыкладам, такая маска каштуе 1 рубель. Значна горшая сітуацыя з рэспіратарамі, нягледзячы на тое, што Лукашэнка загадваў нарабіць і “гэтых наморднікаў”. Рэспіратараў няма ні ў аптэках, ні ў спецыялізаваных крамах “Медтэхніка”, ні нават на будаўнічым кірмашы.
Вядома, там гандлююць не медычнымі рэспіратарамі, але для лякарняў даводзілася набываць і такія, кажа віцебская валанцёрка Ірына Траццякова:
– У канцы лютага на будаўнічых кірмашах рэспіратараў ужо не было. Зараз прапрацоўваецца складаная лагістыка паставак з іншых краінаў – нямецкая, французская лагістыка. І гэта тычыцца не толькі рэспіратараў, але і іншых сродкаў індывідуальнай абароны і абсталявання, якое патрэбна ў лякарнях штогадзіны і штохвіліны. Але даводзіцца шукаць іх па-за тэрыторыяй Республікі Беларусь.
Але кошты там завышаныя ў разы, кажа валанцёрка. Калі рэальны кошт рэспіратара 2-й і 3-й ступені абароны складае 6 і 9 рублёў адпаведна, то ў інтэрнэце яны каштуюць па 22 -25 рублёў. Зрэшты, калі існуе вострая неабходнасць, валанцёры вымушаны набываць прылады і па такіх коштах. Між тым па беларускім тэлебачанні ці не штодня паўтараюць, што беларускія лекары, якія працуюць з хворымі на каронавірус, забяспечаныя лепш няма куды.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск