Марафон Калядных паштовак да палітвязняў
2020-12-29 14:12
Калядныя святы − самыя светлыя і самыя кранальныя. Гэта час, калі мы спадзяемся на лепшае, загадваем жаданні і, у незалежнасці ад узросту, чакаем цудаў.
На жаль, многія з нас сёлета так і не збяруцца за святочным сталом, не сагрэюцца ўсмешкамі сваіх родных і блізкіх.
На дадзены момант палітвязнямі ў Беларусі застаюцца 158 чалавек. У гэтыя калядныя дні ім, як ніколі, трэба ведаць, што ёсць спагада і дабро, што ёсць наша салідарнасць, неабыякавасць, і ёсць надзея.
15 снежня Беларускі Дом у Варшаве распачаў
Марафон калядных паштовак, які заклікaае падтрымаць беларускіх палітзняволеных, даслаўшы ім святочныя віншаванні. У акцыі
ўзялі ўдзел вядомыя беларусы, а таксама палякі - оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, стваральнік каналаў Nexta Сцяпан Пуціла, гурт Navi Band і іншыя беларусы, якія вымушаныя былі з'ехаць за мяжу.
Адмыслова для акцыі мы зрабілі спецыяльную функцыю на сайце - цяпер Вам дастаткова націснуць гузік "Каго павіншаваць з Калядамі" і сістэма сама прапануе Вам адрас для ліставання. Паспрабаваць можна
тут.
“Беларускі Дом” – гэта арганізацыя, якая працуе на карысць правоў чалавека, грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Пасля амаль дзесяці гадоў дзейнасці Беларускі Дом стаў самай важнай няўрадавай арганізацыяй, якая будуе беларуска-польскія адносіны, функцыянуе як “незалежная беларуская амбасада”.
Марафон паштовак працягвае гэтую місію. Кожны дзень мы расказваем пра самыя важныя праблемы ў нашай краіне, імкнемся падтрымліваць беларускія памкненні сярод польскай супольнасці, беларускай меншасці, а таксама ўсіх людзей, каму блізкі лёс Беларусі.