- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Лёшка прачнуўся рана, за акном — шэрая студзеньская раніца. Мабыць, холадна на вуліцы, бо на вокнах прыгожыя карункавыя малюнкі. Яны вельмі падабаюцца хлопчыку, часам ён бачыць у іх штосьці сваё, запаветнае. Аднойчы сярод марозных роспісаў убачыў шчанюка, жывога, таўстапузага, як у Віталькі, які жыў непадалёк. Але Віталька свайго Кузю ніколі не выпускаў з двара і нікому дакрануцца да яго не даваў, а Лёшку вельмі хацелася сабаку. Іншым разам скрозь марозныя карціны на вокнах Лёшку бачыліся цукеркі ў рознакаляровых фанціках, такія, якія калісьці даўно прыносіла яму на Вялікдзень ягоная хросная, цётка Наташа.