- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пішу гэтыя нататкі і разумею, што чацвёрты нумар «Маладосці» нашы чытачы атрымаюць напрыканцы красавіка, калі ўжо так блізка будзе да надзвычай урачыстага свята — Дня Вялікай Перамогі, якое адзначыцца ўсім нашым народам, усёй краінай у шэсцьдзесят пяты раз. Будуць праменіцца агністыя кветкі каля абеліскаў, і трапятліва будзе мігцець полымя Вечнага агню, і золатам заіскрацца ордэны і медалі на грудзях нашых ветэранаў... А яшчэ будуць слёзы і шчаслівы смех нашых дзяцей, якіх агорне радасць усенароднага свята. Дарослыя ж стануць абуджаць свае ўспаміны, якія ёсць у кожнага пакалення беларусаў. Успаміны найчасцей балючыя і горкія. Адны згадаюць свае нялёгкія франтавыя дарогі, смяртэльны, бязлітасны агонь вайны, другія — галечу свайго дзяцінства, якое абпаліла вайна, трэція — тых бясконца родных, каго вайна адняла... А гэта — тысячы, тысячы і тысячы, сотні тысяч, мільёны скошаных кулямі, знявечаных, спаленых... Успаміны баляць і вярэдзяць.