- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Маладня́к» — Усебеларускае аб'яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк» — аб'яднанне беларускіх савецкіх пісьменнікаў, якое існавала з лістападу 1923 да лістападу 1928. Аб'яднанне ўзнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк». Заснавальнікі: М. Чарот, А. Вольны, А. Дудар, А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча. Назву «Усебеларускае аб'яднанне…» гурток узяў па стварэнні філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве. Меліся філіялы ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах («Калінінская філія»), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе; студыі і гурткі — у многіх гарадах і мястэчках. У склад аб'яднання ўваходзілі нацыянальныя секцыі рускіх, польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх пісьменнікаў. Кіравальны орган: Прэзідыум, потым — Цэнтральнае Бюро (з лютага 1925). ЦБ у розныя гады ўзначальвалі М. Чарот, А. Вольны, У. Дубоўка, П. Галавач. Друкаваны орган — часопіс «Маладняк» (нумары з 9/1926 да 11/1928). Многія філіялы мелі ўласныя часопісы або альманахі. З мая 1925 аб'яднанне выдавала на свае сродкі бібліятэчку («кніжніцу») — невялікія зборнікі твораў сваіх сяброў (выйшла каля 60).