- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мінулае начы ў табары зноў бачылі Белагаловую. Яна прыходзіла ўжо трэці раз i забрала трэцяе жыццё. Пярэпалах сярод нямецкіх наймітаў, прысланых маркграфам магдэбургскім, узняўся раніцою, калі недалічыліся рыцара Зігфрыда фон Бока. Ягоны намёт стаіць побач з абозам караля i вялікага князя, значыцца, Белагаловая прайшла зусім побач. Першым i другім яе абраннікамі былі вугорцы. Тыя браты-блізняты, што не пахавалі Белагаловую разам з астатнімі, a павезлі яе ў лес. У маім намёце напалена, але з-пад драўлянага насцілу падлогі цягне холадам i нязводнай вільгаццю. Калі прылегчы на край ложка i накінуць зверху ўлюбёную посцілку з павамі, робіцца прытульней.