- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чаканне вясны Мінуў 2007 год. Не прайшоў, не адбыўся: мінуў. Мінуў і нас, і краіну. Так разыходзяцца рэчка і бераг, цягнік і станцыя, вецер і гара. Рэчка, цягнік і вецер — ужо ў заўтрашнім, у будучым. А мы? Азірнёмся — і цэны растуць, і ільготаў няма, і ўсмешак (нават калядных) няма, і спакою няма цяпер не толькі ў апазіцыйных палітыкаў ды незалежных творцаў, але і ў індывідуальных бізнэсоўцаў. Беларускія літаратары, зрэшты, былі першымі пастаўленыя ў варункі цяперашніх прадпрымальнікаў, і выступалі не слабей апошніх, і — выжылі... Год закончыўся, але не скончылася беларуская літаратура. Тая, якая не служыла ні расійскім царам ды царыцам, ні мясцовым-тутэйшым. Гаворка не пра «холдынскую» «дзяржаўную» літаратуру, якая, відавочна, чаўрэе не толькі ідэйна-тэкстава, але і ў чытацкай цікавасці, ды — і фінансавай «заахвочвальнасці» (нават законныя ганарары спазняюцца больш чым на паўгода). Размова — пра асуджаную на бязмоўе, беспрытульнасць і самвыдавецкасць нацыянальную літаратуру. Вось жа сусветны феномен: ёсць годная сучасная нацыянальная літаратура — але ці ёсць такая ж нацыя?..