- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У еўрапейскай геральдычнай і вексілалагічнай традыцыі колеравая палітра сцяга павінна быць супастаўная з колерамі герба. Гэта тлумачыцца вельмі проста: у сярэднявеччы патрабавалася ідэнтыфікаваць войскі на полі бою, маляваць кожнаму салдату герб было складана, таму абыходзіліся пазнакамі, якія перадаюць колеры герба. Тры асноўныя колеры герба «Пагоня» Вялікага Княства Літоўскага — чырвоны, белы і серабрысты (трактаваны геральдыкай як белы). Таму цалкам вытлумачальна, што на сцягах «старой» Рэчы Паспалітай, у якую да канца XVIII стагоддзя ўваходзілі беларускія землі, спалучаліся белы і чырвоны колеры. Перамесцімся бліжэй да сучаснасці. Лютаўская рэвалюцыя 1917 года стала каталізатарам не толькі сацыяльных зменаў, але і пачаткам своеасаблівай «Вясны народаў», перыядам, калі ўскрайкавыя тэрыторыі былой царскай імперыі сталі задумвацца аб сваёй самаідэнтычнасці і стварэнні сваіх нацыянальных дзяржаў. Лідэрамі такіх рухаў сталі Украіна, народы Балтыі і Закаўказзя. Усё гэта так ці інакш уплывала на палітычныя настроі беларусаў, асабліва тых, хто ваяваў на франтах Першай сусветнай у царскай арміі. Гэта дало магутны штуршок росту нацыянальнай самасвядомасці. Важна таксама ўлічваць, што многія беларускія палітычныя дзеячы ў гэты перыяд сталі бежанцамі і знаходзіліся на тэрыторыі Расіі. Галоўнымі цэнтрамі палітычнай кансалідацыі былі ў той час Петраград, Масква, Кіеў і Адэса. Яшчэ з канца 1916 года яны пачалі абмяркоўваць пытанні беларускай аўтаноміі.