- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У суседзяў меншбольш складваецца з нацыянальнай ідэяй, а ў нас з гэтым так цяжка, што рукі апускаем. Нацыянальная ідэя… Зацягалі гэты выраз. Дзяржаўная ідэалогія, нацыянальная ідэя… Ну праўда ж, зацягалі, да дзіраў ужо. Грувасткія фармулёўкі, а-ля падручнікі, нічога не дадуць, калі няма яснасці ў галовах. Нацыянальная ідэя, якую ўсе нібыта шукаюць, гэта пра дзве рэчы, і гэтыя рэчы адрозныя: адкуль прыйшлі і куды ідзем. Але «адкуль прыйшлі» — гэта не пра падручнік з падрабязным выкладам «усяго, што было». Гэта звычайна пра адну ідэю, што выдзеленая з усяго масіву дадзеных з мінуўшчыны. Ці нават хутчэй вобраз, нешматслоўны наратыў, які можна нібы казку расказаць малым слухачам у дзіцячым садку. Візія мінуўшчыны — яна аблігаторна цэльная, не фрагментарная. Такім чынам, можна адкласці ў далёкія архівы ўсе выдадзеныя за мінулае дваццацігоддзе «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці», бо яны — не пра візію мінуўшчыны, гэта расповеды пра аскепкі, як пры ваенным раненні, у галовах тых, хто стварыў яе канцэпцыйна. Зірнем на суседзяў. Толькі з першага боку ў расійцаў ідэі праваслаўя, Расійскай імперыі і Сталіна несумяшчальныя. Шмат хто ж здзіўляецца. Усё там сумяшчальна, толькі выдзеліце там ідэю, што іх яднае.