- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Жыццё паводле Брэта. Рана ці позна, хоча чалавек ці не хоча, а будзе вымушаны пачаць жыць паводле Брэга ці Мантыньяка, Нішы або Маі Гагулан. А гэта значыць, каб жыць далей і назіраць вір жыцця, ён, гэты чалавек, павінен перастаць есці. Калі быць дакладным, то спачатку ён павінен кінуць паліць, затым перастаць піць гарэлку, каньяк, віскі, самагонку, «Санцадары» і процьму розных «Агдамаў» і партвейнаў. Вы помніце дзіўны партвейн пад назвай «Тры сямёркі»? Калі вы помніце гэны дзівосны напой, то можна смела зазначыць, што вашае жыццё, дружа, не прапала дарма. Колькі незвычайных імгненняў вы перажылі, спажываючы гэты чароўны нектар, колькі ўзнёслых мрояў, летуценняў пранеслася ў вашым уяўленні за гады вясны вашага жыцця. Мой знаёмы лекар, да якога я звярнуўся, адчуўшы сябе кепска пасля бурліва пражытых гадоў, паслухаў стук майго сэрца, паглядзеў мутныя сікі, што я прынёс у слоічку зпад маянэза, доўга ўглядаўся ў мой язык, мераў ціск, мацаў вантробы, кратаў чэлесы, глядзеў у розныя месцы, дзюркі, адтуліны і нарэшце зацвердзіў...