- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На дварэ панаваў красавік, самы яго пачатак. Снег кагадзе сышоў, пазначыўшы ходнікі зыркімі люстрамі лужын. У лужынах мыліся і адчайдушна цвыркалі вераб’і, на пачарнелых шкілетах дрэваў, якія стаялі ўздоўж вуліцы, гракалі вароны, падставіўшы пукатыя грудзіны зыркаму сонцу, і грай гэты сведчыў аб набліжэнні сапраўднай вясны. Сцяпан Галабародзька міжволі прыслухаўся да бязладнага вераб’інага цвыркання і, азірнуўшыся, узбег па сходах. Дзверы з адчайным рыпам падаліся, і ў нос патыхнула кіслым пахам падлівы. Сцяпан скрывіў гімору, пастаяў крыху, звыкаючыся з агідным духам, і пайшоў мыць рукі. Сталоўка, куды лагодным красавіцкім днём завітаў наш герой, была самай таннай у акрузе. У ёй звычайна абедалі студэнты, рабацягі трамвайнага дэпо, якое месцілася непадалёку, і небаракі-пенсіянеры. Збіраліся тут і апівуды, бо на ка́се прадавалі піва. Сядзелі яны ў дальнім куце, і касірцы даводзілася раз за разам сунімаць наведнікаў пагрозлівай фразай: «Зараз міліцыю паклічу!». Не дзіва, што герой азіраўся, узбягаючы па сходах. Сорамна ўсё ж вядомаму пісьменніку сілкавацца ў прасмярдзелай кіслай падлівай ядальні, якую мясцовыя жыхары называлі «мардоўняй». Варта, аднак, адцеміць, што Галабародзька быў вядомым пісьменнікам за даўнім часам.