- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На мяжы этнічнага вымірання. У сённяшняй Беларусі працэс дэнацыяналізацыі (дэбеларусізацыі) грамадства дасягнуў своеасаблівай «кропкі незвароту», калі ўсе сферы духоўнай культуры і побыту народа пазбаўлены сваёй нацыянальнай асновы. Такая сапраўды трагічная сітуацыя стала заканамерным вынікам шматвяковага і мэтанакіраванага выцяснення роднай мовы з афіцыйнага і грамадскага жыцця. Таму небеспадстаўна мова беларусаў трапіла ў свайго роду Чырвоную Кнігу — складзены ЮНЕСКА атлас «Мовы свету ў небяспецы», куды аднесены мовы, якія апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення. І таму такую непрытоеную трывогу і шчырую занепакоенасць занядбаннем роднай мовы выказваюць прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў. У гэтым сэнсе вельмі надзённа гучыць зроблены ў адмысловай Заяве Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (снежань 2010 года) вывад аб тым, што адмаўляючыся ад сваёй мовы, беларусы страчваюць не толькі сваю культурную адметнасць і нацыянальную самабытнасць, але і будучыню сваёй нацыі.