- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аднымі толькі аб’ектыўнымі прычынамі тлумачыць выцясненне мастацкай літаратуры з абсягу нашых зацікаўленняў не выпадае. Хоць чытанне і з’яўляецца заняткам для розуму, усётакі ў большай ступені яно, напэўна, — занятак для душы. Важнаю прыкметаю якога спрадвеку была даходлівасць, уцямнасць. Тая ўцямнасць, якой большасці сучасных мастацкіх твораў, як прозы, так і паэзіі, відавочна бракуе. Нашае захапленне стылёвымі пошукамі, сэнсавая размытасць тэкста, недакладнасць словаўжывання, а то і адсутнасць належнага ўзроўню граматнасці — усё гэта не спрыяе росту папулярнасці кнігі. Гэтаксама, як і часопіса, бальшыня тэкстаў якога часам — відавочная халтура ў выглядзе галаваломак з прэтэнзіяй на запачаткаванне саміх сябе ў якасці адэптаў новага слова ў прыгожым пісьменстве. У свой час трапна выказаўся пра няўцямнасць у словатворчасці Л. Талстой: «Нельга казаць пра твор мастацтва: вы не разумееце яшчэ. Калі не разумеюць, значыць, твор нядобры, бо яго задача ў тым, каб незразумелае зрабіць зразумелым». Наогул, пісьменнік лічыў схільнасць да мудрагелістасці выказвання (пісьма) праяваю душэўнай хваробы аўтара. Гэтаксама і ў страты людской цікавасці да літімпрэзаў маюцца суб’ектыўныя прычыны. Вось адкуль той цікавасці з’явіцца, калі, да прыкладу, добра, як дзесяць адсоткаў выступоўцаў да заяўленых у аўдыторыі выступаў рыхтуюцца належным чынам. Звычайна так: пару-тройку кантычак сунуў чалавек за пазуху — і ўсяе падрыхтоўкі.