- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гонка без правілаў, або як я збірала подпісы за Рымашэўскага. У адрозненне ад іншых валанцёраў, якія пачыналі абход з суседзяў ці знаёмых, я адразу падалася ў чужы дом. Першы збор выдаўся няўдалым і стрэсавым. Суботнім вечарам дзве трэці кватэр проста не падавалі прыкметаў жыцця. Хто аказаўся дома, нават не цікавіўся, за каго з 17-ці можна паставіць подпіс. (Так, дарэчы, было не раз.) Хударлявы малады чалавек строга папытаўся: «Вы ведаеце, у якой краіне вы жывеце?». «Здагадваюся», — адказала я. Але аўтографа так і не даў. Нарэшце адгукунуўся неабыякавы мужчына, распачаў гаворку. Яго тэзісы звяліся да таго, што «ўсё роўна будзе ён, бо схлусяць». Людзі, даведаўшыся пра мэту майго візіту, часта ніякавелі, губляліся, проста палохаліся. Тэлестрашылкі пра апазіцыю зрабілі сваю чорную справу. Другім разам я трапіла ў цагляны дом, дзе расхалёпаны ўсе лоджыі і шмат аднолькавых дзвярэй без нумароў, а то і без званкоў. Офісы тут размясціліся, ці што? Адна з жыхарак «запала» на тое, што наш прэтэндэнт хрысціянін. Сказала, што наведвае баптысцкую царкву «Галгофа», і вельмі спачувала ўсім, хто ўвязаўся ў гэтую гонку без правілаў. Падпісалася і маладзіца з дзвюма жэўжыкамі. Муж толькі маўкліва назіраў з канапы.