- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ахоўная зорка. Згадкі пра Уладзіміра Караткевіча. Вясной 1984 года ў рэанімацыйнай палаце, калі я паіў з лыжачкі журавінавым морсам спакутаванага, знясіленага хваробаю Валодзю, ён прашаптаў: «Помніш, што напісаў табе на сваёй «Чазеніі»? Хай будзе так…». Як можна было забыцца! Яшчэ са студэнцтва гэты самы беларускі беларус стаў для мяне святым чалавекам. Я помніў словы пра «далёкаўсходняе дрэва жыцця» і наказ. А яшчэ ў душы назаўсёды засталіся радкі з непаўторнай аповесці: «Укараніцца на камяністым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свідраваць каранямі зямлю. Араць яе для будучыні… Як чазенія…». Так апантана, самаахвярна жыў і пісаў дзеля Беларусі свае неўміручыя кнігі Уладзімір Караткевіч. Ён застаецца самым любімым і чытаемым пісьменнікам. У ягоных творах жывуць мудрасць і развага, якія падабаюцца людзям сталага веку, рамантыка і прыгодніцтва, якія імпануюць моладзі, дзецям, рыцарства і мілосць, ласка і пяшчота, якія зачароўваюць жанчын, дзяўчат. Высокім інтэлектам, энцыклапедычнай дасведчанасцю, багатай фантазіяй, выключнай інтуіцыяй пазначана ўся творчасць Караткевіча, пачынаючы ад верша «Машэка», які быў надрукаваны ў 1955 годзе ў часопісе «Полымя», і да пасмяротнай кнігі з сімвалічнай назвай «Быў. Ёсць. Буду.». Уражвае ягоная працавітасць, шматграннасць таленту, які бліскуча змог увасобіцца ў паэзіі, гістарычных раманах і аповесцях, апавяданнях, эсэ, нарысах, публіцыстыцы, п’есах, кінасцэнарыях, крытыцы, малюнках. Такое бывае надзвычай рэдка і, як кажуць у народзе, ідзе ад Бога.