Літаратары Еўропы далучыліся да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю
2021-02-10 11:52
Еўрапейская пісьменніцкая рада (EWC) і Еўрапейская рада асацыяцый літаратурных перакладчыкаў (CEATL) заклікаюць міністраў культуры дзяржаў-членаў ЕС прыняць тэрміновыя меры, накіраваныя на спыненне гвалту і рэпрэсій у дачыненні да пісьменнікаў, перакладчыкаў і незалежнага культурнага сектара ў Беларусі.
Брусэль, 5 лютага 2021
#freewordsBelarus #standwithBelarus #justice4Belarus
У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, абвешчаны лідарам апазіцыі Святланай Ціханоўскай на 7 лютага 2021 года, 46 асацыяцый аўтараў і 35 арганізацый перакладчыкаў з 34 краін з агульнай колькасцю 200 000 членаў заклікаюць міністраў культуры Еўропы прыняць рашучыя меры.
Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка абвясціў вайну пісьменнікам, перакладчыкам, блогерам і ўсяму незалежнаму сектару культуры. 593 пісьменнікі, перакладчыкі, выдаўцы, распаўсюднікі кніг, а таксама музыкі, блогеры, выканаўцы і іншыя работнікі культуры сталі ахвярамі парушэнняў правоў чалавека і нападаў на іх культурныя правы пасля фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020 года, як паказвае ўражвальная справаздача Беларускага ПЭН-цэнтра.
Цэнзура, катаванні, парушэнне свабоды выказвання меркаванняў, свабоды сходаў, права на справядлівы суд: у Беларусі сістэматычна забараняюцца ўсе чалавечыя, юрыдычныя і культурныя правы. Тэрор супраць свабоднага слова, літаратуры і культуры мае нечалавечы (антыгуманны) характар.
Справаздача ПЭН і дадатковы спіс імёнаў, даступных EWC, з падрабязнасцямі пра арышты і парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека, дае сумны агляд лёсаў асобных людзей і культурных арганізацый і гвалтоўнага наступу супраць незалежнага кніжнага сектара. Маштаб рэпрэсій супраць гэтых галасоў за дэмакратыю і свабоду слова беспрэцэдэнтны ў найноўшай гісторыі Беларусі.
"Пісьменнікі і перакладчыкі, разам з выканаўцамі і музыкамі, ўваходзяць у лік трох асноўных мэтавых груп парушэнняў. Міліцыя рэжыму Лукашэнкі перахоплівае іх за межамі дамоў, запалохвае і саджае за краты, бо яны знаходзяцца ў першых радах абароны свабоды слова і грамадзянскіх правоў, калі чытаюць вершы, спяваюць і выступаюць на мірных акцыях пратэсту", - тлумачыць Ніна Георге, прэзідэнт EWC. «Непадкантрольных дзяржаве выдаўцоў ілжыва абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, напрыклад, Генадзя Вінярскага (выдавецтва" Кнігазбор") і Андрэя Янушкевіча (Выдавецтва Янушкевіча). А незалежны распаўсюднік кніг Алесь Яўдаха быў затрыманы. Было канфіскавана абсталяванне ў выдавецтвах Вінярскага і Янушкевіча, а таксама некаторыя выдадзеныя імі кнігі, напрыклад, апошні раман Віктара Марціновіча, "Рэвалюцыя". Мы глыбока занепакоеныя таксама лёсам аўтараў члена EWC – Саюза беларускіх пісьменнікаў".
"Зусім нядаўна, 15 студзеня, была арыштавана перакладчыца Вольга Калацкая, якая пераклала Маргарэт Этвуд, Вірджыніі Вулф і Тэнэсі Уільямса, - кажа Мортэн Вісбі, прэзідэнт CEATL. - Дзяржаўныя ўлады абвінавачваюць яе ў арганізацыі акцый супраць грамадскага парадку, але на самой справе рэпрэсіі супраць яе звязаныя з тым, што яна, як перакладчык, з'яўляецца часткай незалежнага культурніцкага сектару ў Беларусі, які дапамагае захаваць культурныя гарызонты ў Беларусі шляхам перакладу выдатнай літаратуры - і якія рэжым жадае здушыць. Разам з EWC, CEATL патрабуе яе неаддкладнага вызвалення".
Сярод усіх выпадкаў, ёсць як мінімум 131 пісьменнік і літаратурны перакладчык. Больш за тое, ёсць інфармацыя пра выключэнні і цкаванне ў гуманітарных універсітэтах, пра што дэлегаты ПЭН-Беларусі паведамлялі ў CEATL. У студзені некалькі выкладчыкаў перакладу былі звольненыя.
Еўрапейская пісьменніцкая рада (EWC) і Еўрапейская рада асацыяцый літаратурных перакладчыкаў (CEATL) патрабуюць тэрміновых дыпламатычных крокаў, неабходных для спынення гвалту і рэпрэсій у дачыненні да пісьменнікаў, перакладчыкаў і незалежнага культурнага сектара ў Беларусі. Еўрапейскі Саюз больш не можа заставацца ў баку і глядзець на гэтыя стратэгіі замоўчвання свабоднага слова: гэта патрабуе салідарнасці з боку ўсіх міністраў культуры.
Мы патрабуем ад міністраў культуры дзяржаў-членаў ЕС актыўна ўмяшацца і выказаць пратэст у агульнай заяве адносна гвалту і рэпрэсій, што працягваюцца ў Беларусі. Мы звяртаемся да міністраў культуры ўсіх дзяржаў-членаў ЕС з просьбай аб ціску на нелелітымны рэжым Лукашэнкі, каб неадкладна вызваліць палітычных зняволеных.
Ніна Георге, Прэзідэнт EWC
Мортэн Вісбі, Прэзідэнт CEATL
**
Еўрапейская пісьменніцкая рада (EWC) - гэта федэрацыя 46 нацыянальных арганізацый пісьменнікаў і перакладчыкаў у 30 краінах, уключаючы ЕС, а таксама Беларусі, Ісландыі, Нарвегіі, Швейцарыі, Турцыі і Чарнагорыі, якія прадстаўляюць 160 000 аўтараў, што агулам пішуць на 31 мове.
Еўрапейская рада асацыяцый літаратурных перакладчыкаў (CEATL) - гэта федэрацыя 35 асацыяцый-членаў з 29 краін, якая прадстаўляе 10 000 асобных перакладчыкаў.