На мінулым тыдні адгудзеў на Беласточчыне фестываль абуджаных TUTAKA, а ўжо 26 ліпеня ў Кракаве адбудзецца Пікнік Letucień — летні фэст беларускай культуры.
Тры музычныя сцэны, кірмаш, дзіцячая пляцоўка, фудкорт, псіхалагічная дапамога, літаратурныя сустрэчы, кампус палітычнай навукі, дыскусіі, лекцыі, майстар-класы — каманда Letucień сёння апублікавала
праграму фэсту-2025, багатую на самыя разнастайныя прапановы.
У музычным лайн-апе LCTN сёлета — Zui, Kriwi, B: N:, Iva Sativa, Domsun, Разбітае сэрца пацана, Mustelide, Papa Bo Selektah, Калыханка ды іншыя гурты і выканаўцы.
На этнасцэне вясці рэй будуць Сяржук Доўгушаў, Марына Савіцкая, этнагурт Laleja i Lela.
Паслухаць дыскусію «Беларуская музыка: у трэндзе ці ў ценю?» з удзелам Аляксандра Чарнухі («Міністэрства сепультуры»), Аліны Мазавец («Клік»), Барыса Ключнікава (Domsun) і Валерыі Новік (Аквалерыя) прапануе адукацыйная пляцоўка Пікніка. Аляксандр «Маляваныч» Ждановіч тут жа дасць майстар-клас «Акцёрскі трэнінг для жыцця і працы», а Аляксандр Гойшык распавядзе пра падарожжа вакол свету за 1163 дні.
На арт-пляцоўцы чакаюцца майстар-класы ад Hutkasmachnaa, Сяргея «Izum», Яны Істошынай.
Адной з цікавостак праграмы стане і літаратурная пляцоўка Pradmova. У яе межах плануецца гарачая дыскусія з удзелам Андрэя Хадановіча, Мікіты Найдзёнава і Дар’і Бялькевіч «Дзесяць за ноч! Ці ёсць сэкс у беларускай літаратуры».
Тут жа адбудзецца размова «Украінская ноч і беларускі золак: рэвалюцыі грамадзянскіх супольнасцяў на ўсходзе Еўропы». (Удзельнікі — Марсі Шор, Павел Баркоўскі, Анджэй Гвяздоўскі). Чакаецца на пляцоўцы і прэзентацыі кніг «Папяровы голем» і «Кровазварот» ад Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай.
Таксама ў праграме псіхалагічная, спартыўная і палітычныя пляцоўкі з цікавымі дыскусія і выступленнямі. У прыватнасці, «Летуцень» запартнёрыўся з беларусамі з аматарскага футбольнага клуба Polesie United, каб зрабіць футбольны турнір і вялікую водную палескую бітву ў межых спартыўнай прасторы.
Letucień — летні беларускі фестываль у Кракаве, які ладзіцца беларускай камандай ужо больш пяць гадоў. Гэта і валанцёрскі праект, які існуе за кошт данатаў публікі. У 2024 годзе бюджет падзеі склаў 100 тысяч злотых, збор на фэст-2025 усё яшчэ працягваецца.
Час і месца імпрэзы — 26 ліпеня, 11.00, Кракаў, парк Jordana.
Падтрымаць фестываль можна
тут.
Глядзець праграму LTCN цалкам
тут.