Лепшую кнігу беларускай паэзіі назавуць анлайн
2020-06-10 21:27
11 чэрвеня а 19.00 у сацсетках Беларускага ПЭН-цэнтра адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную кнігу паэзіі 2019 года.
Гледачоў цырымоніі чакаюць выступы шорт-лістараў прэміі: Дануты Бічэль-Загнетавай з кнігай “Гускі вяртаюцца”, Вольгі Гапеевай са зборнікам “Чорныя макі” і Андрэя Хадановіча з кнігай “Школа травы”.
Таксама ў
анлайн-цырымоніі прымуць удзел прадстаўнікі арганізацый-заснавальнікаў прэміі: Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза Беларускіх пісьменнікаў і Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Лаўрэата прэміі абвесціць адзін з сябраў журы. Пераможца атрымае грашовы прыз у 4000 беларускіх рублёў. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове.
Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае” і Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”.