Ларыса Быцко: Не хачу, каб паміралі вёскі
2020-06-10 20:55
Амаль вымерлая вёска Стойлы пад Пружанамі атрымала «другое жыццё» пасля рэалізацыі мясцовага праекту «Вясковы рэнесанс».
«Рухавіком» праекту стала Ларыса Быцко, якая за кошт набыцця тут сядзібы і папулярызацыі памяці пра мясцовага майстра Міколу Тарасюка, літаральна кажучы ажыццявіла рэнесанс месца.
Пра тое, як праз батлейку адраджаецца вёска Стойлы, гутарым з сённяшняй „Госцяй Рацыі” – гаспадыняй сядзібы „Стулы” Ларысай Быцко.
РР: Праект «Вясковы рэнесанс» ажыццяўляўся пры падтрымцы нямецкай Асацыяцыі народных універсітэтаў і аддзелу культуры Пружанскага райвыканкама. Што атрымалася зрабіць у выніку?
Ларыса Быцко: У 2014 годзе я напісала гэты праект «Вясковы рэнесанс». Мы зрабілі чатыры опцыі, чатыры актыўнасці. Першая, мы травілі работы Тарасюка ад шашаля. Гэта была вялікая праца. Другая, мы зрабілі карту вёскі, як яна выглядала ў сярэдзіне 20-га стагоддзя. Я лічу, што кожная знікаючая вёска павінна мець падобную карту. І я вельмі рада, што нашую ініцыятыву падтрымалі і як мінімум два чалавекі для сваіх вёсак падобнае зрабілі. І я з задавальненнем падзялілася б з людзьмі сваім досьведам. Бо гэта было складана прыдумаць. Пасля мы зрабілі вялікі Крыж у гонар жыхароў вёскі. Бо на той момант, калі ў 2014 годзе мы ладзілі гэты праект, у нас афіцыйна быў адзін жыхар – гэта Мікола Тарасюк. Гэта было ўсё ў траўні, а ў студзені 2015 года ён памёр. І апошняя актыўнасць была “Свята вёскі, якой няма” і называлася гэтае свята – “Я родам са Стойлаў”. Нават, калі б мы захацелі яшчэ раз зрабіць такое свята, яно, напэўна, ужо так не ўдалося б. Бо гэта было не свята, а проста шчасце. Папрыязджалі людзі – выхадцы з нашай вёскі. І такім чынам нашая вёска пачала адраджацца. Гэта было апошняе свята Міколы Тарасюка – досыць вядомага чалавека, бо да яго прыязджала шмат людзей і з розных краін.
РР: Пра спектаклі батлейкі з драўлянымі фігуркамі ў выніку атрымаўся найлепшы варыянт рэпрэзентацыі спадчыны майстра Міколы Тарасюка. І візітная картка для вашай аграэкасядзібы. Якім жа чынам узнікла батлейка ў Стулах?
Ларыса Быцко: Калі памёр Мікола Тарасюк – гэта было ўнікальнае пахаванне. Бо мы хавалі апошняга жыхара вёскі. Прыехалі прыхільнікі ягонай творчасці. Мы неслі яго праз вёску на руках. Пасля гэтага ўсяго я падумала: вось аграсядзіба ўжо ёсць. А як я буду распавядаць пра Тарасюка? І ў начы мне прысніўся гэты спектакль. І я падумала, што гэты ўвесць люд Тарасюка – ягоныя скульптуры – гэта і ёсць драўляны народ і гэта і ёсць беларуская батлейка. І мы прыдумалі такім чынам спектакль “Прытулак памяці”. Я зацікавілася батлейкай, стала скурпулёзна вывучаць, ездзіць на школы батлейкі. І мне сказала вядомая батлеечніца, спадарыня мастачка Ганна Выгонная, што трэба зрабіць класічную батлейку: ты не зробіш батлейку пра Тарасюка, не зрабіўшы класічную. І мы з мужам зладзілі першую батлейку.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: асабістая ФБ-старонка Ларысы Быцко