be

Куніцкі Змітрок

Куніцкі Змітрок

АЎТАБІЯГРАФІІ.

ГАЛОЎНАЕ З МАЁЙ БІЯГРАФІІ.

Нарадзіўся на хутары дзеда,
Тым, што Ліпавай зваўся Гарой.
Мне лучына была першасветам,
Першай радасцю, першай зарой.

А здарылася гэта на Расоншчыне ў маіх бацькоў: Стральцова Пятра Мікалаевіча і Алены Іванаўны ў 1929 годзе 8 лістапада (па пашпарту – 14 лістапада: віной гэтаму – вайна). Яшчэ немаўляткам разам з бацькамі апынуўся ў Полацку, дзе неўзабаве набылі даволі вялікі хутар (сеялі нават жыта), куды са сваімі пажыткамі і кароўкай перабраліся і бацькава маці бабуля Кацярына Аляксандраўна. А ў 1939 годзе ўсе прыгарадныя хутары сагналі ў пасёлак паўз Себежскай шашы і зямлю абрэзалі.

Бацька 1907 г.н. у першую зіму Вялікай Айчыннай вайны дзесьці пад Масквой прапаў без вестак. А мы: бабуля, наша маці 1908 г.н. (памерла ў 1988г.), я, старэйшы “мужык” у хаце, брат Фёдар 1932 г.н., які ўжо сышоў з нашасвету; сястра Ірына (зараз Меднікава) 1937 г.н.; сястра Клара 1940 г.н. (памерла ў 1942г. ад запалення лёгкага) усю акупацыю пражылі ў Полацку.

Маміна швіва, кароўка і наша з братам гаспадарчая справа (паства, назапашванне сена і дроў (зімой на саначках на кожны сезон ) паспрыялі перажыць ліхалецце.

Да вайны я скончыў 4 класы 9-ай СШ, а ў 1948 г. 7 класаў7-ай СШ і паступіў у 17-ае мастацкае рамеснае вучылішча г.Рыгі і цераз 3 гады атрымаў атэстат альфрэйшчыка-жывапісца. Год працы ў Падмаскоўі і Адэсе, служба ў паветраных войсках і я пасля сямігадовай адлучкі вярнуўся дадому. На працягу гэтых гадоў закончыў сярэднюю адукацыйную школу працоўнай моладзі.

У 1956 годзе жаніўся на Алене Баравец 1936 г.н. У 1957 г. нарадзіўся першынец Віктар, а ў 1967г. – сын Дзмітры. Абое жанаты. Я маю ўнука, трох унучак і двух праўнукаў. Пражыўшы 25 год з першай жонкаю, шлюб скасаваў і ў 1982 годзе ўзяў шлюб з Міклашэўскай Ганнай 1934 г.н., якая, на вялікі жаль, 13 студзеня 2011 года пакінула наш свет.

Напачатку працаваў маляром. Потым з 1960 года мастаком-афарміцелем у Доме афіцэраў, аператарам на заводзе шкловалакна, загадчыкам пастаноўчай часткі і дэкаратарам пры Полацкім народным тэатры, дзе згуляў каля дзесятка розных роляў, і зноў мастаком-афарміцелем. У 1991 выйшаў на пенсію па ўзросту.

Першы верш напісаў у 1947 годзе. Першы надрукаваны з’явіўся ў армейскай газеце ў 1955 годзе. Тады і нейкі час потым пісаў на расейскай мове, але свая родная пераважыла і дзесьці з 70-х пішу толькі на беларускай. У “Наддзвінні” з 1967 году, якое тады яшчэ было гуртком пры раённай газеце. Званне народнага літаб’яднання атрымалі ў 1995г. Нейкі час ужо пенсіянерам там жа быў на пасадзе рэдактара беларускай мовы.

Выдаў 5 кніжак вершаў, нататкаў, перакладаў з расійскай мовы і невялікіх апавяданняў. “Рэха трох асін” – 2000г., “Тое-сёе з куфэрка памяці” – 2001г., “У цянётах часу” – 2004г., “На рубяжы тысячагоддзяў” – 2009г., “Сэрцаграма” – 2011год, у ліку аўтараў некалькіх альманахаў і зборнікаў.

Памёр Змітрок Куніцкі 30 верасня 2013 году.

Куніцкі Змітрок. Выданьні

Сэрцаграма

Сэрцаграма


Куніцкі Змітрок

Новая кніга Змітрака Куніцкага — гэта вершы, напісаныя ў розныя гады XX і XXI стст., прасякнутыя сыноўскай любоўю да Бацькаўшчыны, балючымі клопатамі мінулых і сучасных дзён, сумныя шчырыя і пакаянныя вершы пра каханне, гумарыстычныя і сатырычныя; празаічныя: нататкі, замалёўкі, эсэ, якія адлюстроўваюць... Болей »

На рубяжы тысячагоддзяў

На рубяжы тысячагоддзяў

вершы і нататкі
Куніцкі Змітрок

Чытач трымае ў руках чарговы зборнік твораў палачаніна Змітрака Куніцкага. Традыцыйна паэт у сваёй творчасці засяроджвае ўвагу на любові да роднай Беларусі, шчыра і балюча перажывае яе праблемы, спадзеючыся на неадменны росквіт бацькоўскага краю, на яго неўміручасць. Вялікае месца займае тэма кахання... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org