- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пакаленьне і Рэвалюцыя. Калі Аляксандар Казулін заклікаў моладзь, што сабралася на Кастрычніцкай плошчы ў намётавым лягеры, разыйсьціся, у адказ яму выгукнула згоднае, бяз роздуму: “Застаемся!” Пазьней як заклік, так і рашучае жаданьне юнакоў і дзяўчат застацца любым коштам на плошчы сустрэліся з цэлым шэрагам інтэрпрэтацыяў і непаразуменьняў. У рэшце рэшт, Казулін меў рацыю, празь некалькі дзён намёты ліквідавалі, ягоныя жыхары ня вытрымалі на плошчы да 25-га, як плянавалася — ім не хапіла аднаго дня і адной ночы — аднак “стаяньне” на плошчы адыграла вялікую ролю ў далейшых падзеях, паказаўшы нязломнасьць “маладой гвардыі”. Наадварот, рацыянальны Казулін выклікаў да сябе цэлую хвалю незадаволу: неяк не стасаваўся гэты заклік з тымі радыкальнымі заявамі, якія Казулін рабіў па тэлебачаньні, таму ў ім адразу зноў западозрылі правакатара. Упэўнены, аднак, што Казуліну было насамрэч шкада “падстаўляць дзяцей”, калі было ясна, што і іх могуць зьбіць, як і яго 2-га сакавіка. Рэвалюцыя, маўляў — справа не дзіцячая. Ізноў у Казуліне гаварыў былы марпех, які пасьпеў ужо зірнуць у вочы ворагу.