- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Што думаюць звычайныя жыхары гарадскога пасёлку, медыкі, а таксама чыноўнікі пра каронавірус? Чым жыве мястэчка, якое на другім месцы ў колькасці хворых на COVID-19 у краіне? Карэспандэнт Belsat.eu з’ездзіў у Бешанковічы. Гарадскі пасёлак Бешанковічы невялікі, і людзей удзень на дварэ няшмат. Зрэдку праязджаюць машыны, але найчасцей гэта патруль міліцыі ці хуткая дапамога. Бешанковічы добраўпарадкуюць перад бліжэйшымі святамі: прыбіраюцца вуліцы, рамантуюцца асобныя будынкі ў цэнтры. Рабочыя носяць маскі, звычайныя мінакі на вуліцах — таксама. Мясцовыя адзначаюць, што пасля выяўлення каронавіруса ў гарадскім пасёлку, людзі пачалі менш выходзіць з дому. — Людзей на дварэ стала відавочна менш. Усе ў масках, у пальчатках — адзінкі. Усе баяцца. Канечне, сустракаюцца асобы, якім усё адно, але такіх не вельмі многа. Па пад’ездах ляжаць памяткі пра каронавірус і пра тое, што ён асабліва небяспечны для сталых людзей. Ведаем, што многа пнеўманій і медыкі хварэюць. Людзі ўсё пра гэта ведаюць, чуткі разыходзяцца, — каментуе сітуацыю belsat.eu мясцовы жыхар Аляксандр. У групе рызыкі знаходзяцца людзі ў гадах. Яны таксама карыстаюцца сродкамі індывідуальнай аховы. — Складаная абстаноўка. Разумееце, паніка ў людзей. Я не магу сказаць, колькі канкрэтна смерцяў, але яны ёсць. Людзі баяцца. Во, ходзім у масках. Улады маўчаць. Улады разумеюць, але не хочуць паніку распаўсюджваць, таму крыху хаваюць. Не зусім верыцца. Сітуацыя не вельмі добрая.