- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Родная мова. Я вучу дзяцей нямецкай мове не толькі ў Пяцігарскай школе, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Двойчы на тыдзень я працую ў Асінаўскай пачатковай школе, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на мове суседняй, няхай і брацкай краіны. Але вялікай розніцы ў мовах дзяцей, шчыра кажучы, няма. Нягледзечы на тое, што адна школка працуе на роднай мове, а другая – на рускай, у абедзвюх дзеці гамоняць на вясёлай трасянцы. Звонкае дзеканне і цеканне гучыць як у Пяцігарску, так і ў Драздах. Хаця, і гэта факт, вальней на роднай мове прамаўляюць пяцігарскія школьнікі. Яно і зразумела: бальшыня ўрокаў тут выкладаецца па-беларуску. А вось, напрыклад, у трэцім класе Асінаўскай школы беларуская мова гучыць толькі чатыры ўрокі на тыдзень: на адзіным уроку беларускай літаратуры, на двух уроках беларускай мовы і яшчэ на ўроку “Чалавек і свет”. У процівагу беларускай на тыдні вучням даецца аж шэсць урокаў рускай мовы і літаратуры. Але, нягледзечы на такую татальную русіфікацыю, паспяховасць па рускай мове невысокая. І дыктанты, і сачыненні пішуцца бальшынёй школьнікаў з процьмай памылак. І толькі нейкія 5 – 10 адцоткаў вучняў здольныя больш-менш засвоіць тую замежную для іх мову.