- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Падбрэхічы яго вялікасці. Раз на пяць гадоў афіцыйныя СМІ прымушаны ўпусціць на тэлеэкраны, радыё і старонкі падуладных газет апазіцыю. А таму сёння ўжо ніхто больш не задае пытання: “А хто акрамя Яго?” Маладыя і пажылыя, але ўсе таленавітыя, амаль усе з іскрынкай Божай, бальшыня кандыдатаў у Прэзідэнты не можа не спадабацца выбарцам. Пасля іх першых выступаў у СМІ цікава было паглядзець на рэакцыю людзей, якія да гэтага часу за “мудрымі” размовамі Лукашэнкі аб іх не чулі. І трэба сказаць, што выступы Віталя Рымашэўскага (БХД), Мікалая Статкевіча (сацыял-дэмакраты), Андрэя Саннікава, Яраслава Раманчука (АГП), Уладзіміра Някляева і іншых кандыдатаў вельмі імпануюць людзям. Тое, што яны гавораць чыстую праўду, можна заўважыць і па нервовай рэакцыі на іхнія выступы з боку дзяржчынавенства (уключна з Ярмошынай) і журналістаў, якія прыслужваюць уладзе. Сп. Ярмошына наогул не мае права выказваць сваю прыватную думку аб станоўчых ці адмоўных якасцях таго ці іншага кандыдата, бо гэта парушэнне закону. Але яна праз дзяржаўныя СМІ не стамляецца штодня “трубіць” пра “няправільныя” паводзіны прэтэндэнтаў на важнейшую пасаду. Наогул, дзяржаўныя СМІ паводзяць сябе настолькі нахабна, што дзіву даешся. Не паспее чарговы кандыдат у прэзідэнты адысці ад мікрафону, дзе яму выдзелілі роўна паўгадзіны, як на ўсю магутнасць уключаецца дзяржаўная машына хлусні. Яна пачынае абліваць брудам чарговага кандыдата ў Прэзідэнты і праслаўлць адзінага, правільнага, які і трымае іх для гэтай мэты.