- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прэс-канферэнцыя А.Лукашэнкі 15.01.2013 года сабрала больш за 350 журналістаў, што прадстаўлялі 285 сродкаў масавай інфармацыі. Доўжылася яна больш за пяць гадзін, цягам якіх Прэзідэнту было зададзена больш за 60 пытанняў. Але анічога новага, цікавага, на мой погляд, у адказах не было. Абсалютна ўсе выказванні першай асобы рэспублікі, якія прагучалі, мы ўжо неаднойчы чулі на мінулых падобных шоу. Як правіла, журналісты дзяржаўных СМІ ставілі пытанні, адказ на якія ім самім быў даўно вядомы. Яны тычыліся нашых “дасягненняў” ці каментараў вядомых падзей апошніх часоў. А таму кіраўнік краіны адчуваў сябе пры адказах, нібы рыба ў вадзе. Але варта было прагучаць пытанню нязручнаму, як вышэйшая асоба на вачах пераўтваралася ў асобу раздражнёную, якая контратакавала суразмоўцу сустрэчнымі пытаннямі, старалася збіць яго з тэмы і перавесці гутарку ў іншую плоскасць. І, трэба заўважыць, гэта яму даволі часта ўдавалася. Што ж, трэба прызнацца, што прамаўляць ледзь не за 40 гадоў свайго палітрукоўска-дырэктарска-прэзідэнцкага жыцця Лукашэнка навучыўся. Вядома, што тое не мяшкі насіць, асабліва не стомішся.