- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Палёт на адным крыле, або як зрабіць жыццё дзяцей шчаслівым. Бацькоўскі сход у гімназіі 30-га кастрычніка прайшоў на найвышэйшым узроўні. Цікава, змястоўна, з агеньчыкам падышла да арганізацыі сходу адміністрацыя гімназіі. Даклад псіхолага суправаджаўся паказам тэзісаў на вялікім экране. А як парадавалі дзеці сваім канцэртам! Адным словам – супер. Супер, каб не адно але... За ўсё амаль паўтарагадзіннае афіцыйнае і святочнае мерапрыемства ў сценах гімназіі не прагучала ніводнага роднага слова. Ні – вод – на – га!!! Як даклад псіхолага, так і ўсе нумары дзетак былі выключна на расейскай мове. Куды ж дзелася першая тытульная афіцыйная мова? Яе што, наогул не існуе ў Беларусі? Мо, і такога народу няма – беларусы, нехта пажартаваў ды ўсё? А ёсць, па выразу адной, думаецца, паўадукаванай асобы, “рускія, але са знакам якасці”. Ды не, яшчэ Купала заявіў у поўны голас: “Я – мужык-беларус...”. Няхай таго беларуса ўпарта не хоча заўважаць спадар Лукашэнка, але бальшыня людзей у свеце ведае дакладна, што існуе старажытная беларуская культура, аснову якой складае беларуская мова. Што ж не дазваляе загучаць ёй на поўны голас наогул у нашым грамадстве і, у прыватнасці, у нашай гімназіі. Ды што там на поўны голас, няхай бы вучні хоць упаўголаса спелі “Мама, маці, матуля, дарагая мая...”. А то складаецца ўражанне, што ні песень беларускіх няма ў нас ні пра маці, ні пра тату, ні вершаў. Нібыта ў жыцці спраўджваюцца словы таго ж напаўадукаванага персанажу, што на беларускай мове нельга выказаць нічога выдатнага.