- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чыноўнікі вызначылі, што чалавек павінен забяспечыць свае мінімальныя патрэбы за Br 230 на месяц. Чаму не ўсе беларусы нават столькі зарабіць не могуць? Унук, пачуўшы ў тэлевізары, пытаецца ў бабулі: «А навошта вучоныя прыдумалі бюджэт пражыткавага мінімуму?» Старая ў адказ: «Напэўна не вучоныя. Тыя б на сабаках спачатку выпрабавалі». Пра адну з важнейшых сацыяльна-эканамічных катэгорый у навейшай айчыннай гісторыі і яе ролю ў выхаванні грамадзянаў у духу адданасці правадыру зараз і пагаворым. Пражыткавага максімуму не існуе. Колькі чалавек не мае – усё мала. Вунь фараон піраміду сабе адгакаў, да сённяшняга дня ці не найбуйнейшая па кубатуры пабудова. А мінімум ёсць. Паколькі да 31-га кастрычніка дзейнічае звычайна бюджэт пражыткавага мінімуму ў цэнах ліпеня, то наша лічба названая прагнозам. Што ж мы асмеліліся прадказаць? Аказваецца, цытую Белстат, «мінімум – неабходны для захавання здароўя чалавека, забяспечвання яго жыццядзейнасці мінімальны набор прадуктаў харчавання і нехарчовыя тавары і паслугі». Здароўе рэч такая, спачатку яго ўмацоўваюць, потым падтрымліваюць і, нарэшце, захоўваюць. Працоўным і беспрацоўным таксама прапаноўваюць апошняе. Але жыццё пераўзыходзіць нават фантазіі геніяў айчыннай адміністрацыі. Грамадзяне (не ўсе, дзякуй богу) ці то не хочуць, ці то не могуць мінімуму сабе забяспечыць. У нашай сацыяльна арыентаванай краіне для жыцця паўмільёна жывых людзей існуюць на суму, меншую за Br 240 у месяц. Не захоўваюць яны свайго здароўя чамусьці.