- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кастрычнік – першы месяц восені, калі палявыя работы пакрысе затухаюць. І хаця на градках у кагосьці можа яшчэ стаяць капуста, у цяпліцах могуць вісець апошнія памідоры, а ў садзе яблыкі – садавіна і гародніна ўжо ўся ўбраная. І шмат чаго з саду і агарода вязецца на рынак. Кастрычніцкі рынак у Бешанковічах яшчэ багаты на сялянскі тавар. Увосень на тутэйшым рынку невыводныя журавіны. Сёлета напрыканцы месяца іхняя цана не апускаецца ніжэй за 6 ці 7 рублёў за літар, і іх на рынку даволі шмат. (У пачатку кастрычніка яны каштавалі 5 рублёў.) Можна набыць і два, і тры вядры, было б жаданне. Журавіны можна (і трэба!) дадаваць да квашанай капусты пры прыгатаванні. Аднаго літра ягады на 6-8 кг капусты цалкам дастаткова. З другой паловы кастрычніка на рынку ў Бешанковічах пачынае панаваць капуста. “Свае” гандляры трымаюць на яе цану прыстойную, каля паўтара рубля за кг. “Сваіх” гандляроў з капустай ня шмат, а таму ім лёгка дамовіцца. А вось заезджыя, у асноўным з Берасьцейшчыны, прадаюць капусту значна танней. На апошнім рынку за 1 кг капусты прасілі 90 капеек. А вось бульба сёлета будзе і ўзімку ў цане. У кастрычніку за яе па-ранейшаму просяць да 12 рублёў за вядро (1,5 рубля за кг). Морква, як і ў верасні, прадавалася тут па 1-20 за кг.