- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларусь пасля 9-га жніўня — гэта новая Беларусь. Гэта краіна, якая выйшла з пратэстам на вуліцы. Краіна, якой надакучыў дыктат і пагрозы. Краіна, якая выбрала сабе новую сімволіку і новыя песні. Краіна, якая перастала баяцца, а гаворыць услых тое, аб чым раней толькі шапталіся. Многія беларусы ў глыбінцы, якія не маюць крыніц інфармацыі, акрамя БТ, ламаюць галаву: "Ці нармальна гэта ўсё?" Спяшаюся запэўніць: цалкам нармальна. Больш за тое, гэта — старт у Беларусь-мару, Беларусь-казку, Беларусь — нашу будучыню. Галоўнае, што ў нашай новай Беларусі не будзе хлусні. Асабліва з тэлеэкрана. Асабліва ад чынавенства. Асабліва ад прэзідэнта. Такой хлусні, што пакуль што сёння несупыннай плынню ліецца з БТ і чыім носьбітам з'яўляецца бальшыня чыноўнікаў разам з галоўным. Маладыя беларусы, якія не ведаюць тэлевізара як крыніцы інфармацыі, гэтай хлусні не ведаюць. А таму, я ўпэнены, што зменам — быць! Калі ж яны наступяць, тыя змены? Чым хутчэй атачэнне Лукашэнкі зменшыцца да мінімуму, тым хутчэй наступяць і змены. Галоўнае, што працэс сыходу ў галовах людзей запушчаны. Усё больш людзей задумваецца над рэчамі, якія раней не выклікалі ў іх аніякага роздуму. Сёння беларусы аб'ядналіся вакол галоўнаі ідэі: у нашай краіне мусяць быць сумленныя выбары. Якія праводзяцца не пралукашэнкаўскай вертыкаллю, а цалкам незалежныя. Чым хутчэй той, хто хацеў бы кіраваць вечна, зразумее гэта, тым лепш будзе для краіны. Тым хутчэй наступяць тыя змены.