- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Эўрапейцы дэ–юрэ і дэ–факта. Геаграфічна Беларусь ляжыць у Эўропе. Гістарычна ж склалася так, што некалькі апошніх стагоддзяў мы мелі шчыльныя стасункі толькі з адной краінай – нашай суседкай з Усходу. А, як вядома, з кім павядзешся – ад таго і набярэшся. Вось мы і набраліся. Па–першае, мы знішчылі сваю культуру. Па–другое, зрабілі алкаголікамі значную частку грамадзян. Па–трэцяе, мы атрымалі столькі эканамічных праблем, што натупнікі ва ўладзе мусяць разграбаць іх доўгія гады. Нарэшце, мы сталі настолькі інтэрнацыяналістамі, што “забыліся” сваю родную мову. Здавалася б, за амаль два дзесяцігоддзі незалежнасці ў нас нешта магло змяніцца ў лепшы бок. Але змен амаль што няма. Іх проста не можа быць, пакуль Беларусь дае крэн толькі на адзін, усходні борт. Пры такім курсе існуе вялікая небяспека перавярнуць дзяржаўны карабель уверх кілем. І, каб тое не адбылося, мы мусім нармалізаваць нашыя стасункі з іншымі суседзямі, а ў перспектыве – стаць паўнапраўным сябрам Эўразвязу. Здаецца, што тое сёння пачынае разумець і дзейсная ўлада. І, калі нам не ўдасца ў найбліжэйшы час змяніць яе на легітымную, трэба хаця б дапамагчы ёй вызваліцца ад шчыльных расейскіх абдымкаў, не разбураючы таго добрага, што ёсць і павінна быць у добрых суседзяў. Мы павінны настойліва і паслядоўна ціснуць на ўладу, каб яна вяла дзяржаўны карабель да Эўрапейскіх каштоўнасцей. Нашы чыноўнікі мусяць штодзённа атрымоўваць напамін, што ў Беларусі ёсць шмат прыхільнікаў эўрапейскага шляху, і іх колькасць несупынна расце.