- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пакуль што як да быдла. Нядзельныя дні ў Бешанковічах асаблівыя. Улетку мясцовы рынак збірае ў нядзелю болей за 2 000 чалавек, што складае 10 % усяго насельніцтва нашага раёна. Больш масавых месцаў збору людзей у Бешанковічах не бывае нават падчас святкавання знакамітых народных гулянняў. На такім нядзельным рынку кожны стараецца нештачка прадаць або купіць. На абгароджанай тэрыторыі рынка свой прывезены “заморскі” тавар прадаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць пастаянныя гандлёвыя месцы і рэгулярна плоцяць за іх. А за тэрыторыяй рынка абапал вуліцы Кастрычніцкай стаяць сяляне з навакольных вёсак і жыхары Бешанковіч. Тыя, хто жыве з мазаля. Яны прывозяць ці прыносяць сюды для продажу свой няхітры тавар: зерне, бульбу, капусту, ягады, яйкі, малако, тварог, смятану... Нейкі тузін шчасліўцаў уладкоўваецца на сталах пад шатамі дрэў, а астатнія туляцца каля жалезабетоннага плоту райваенкамату, расклаўшы свой тавар проста на зямлі. Не пужаюць іх ні раённая санэпідэмстанцыя, ні міліцыянты. (Яны, праўда, апошнія гады два перасталі назаляць і складаць пратаколы.) Тут жа, каля сцяны будынка РВК, стаіць няхітры транспарт большасці прадаўцоў – дзесяткі веласіпедаў.