- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Эканамічная сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца. Пра тое можна меркаваць з гледзішча цэнаў. Яны растуць паранейшаму на ўсё. Дзе пакрысе, а дзе ўпэўненым крокам цэны захопліваюць усё новыя і новыя рубяжы. Напрыканцы ліпеня яны ўзраслі на бензін і цукар. Абяцаныя кіраўніком краіны 500 даляраў заробкаў на чалавека даўно засталіся толькі ў анекдотах. Беларусь, якая, згодна плакатам на фасадах будынкаў, ішла “С настоящим – в будущее!”, аказалася адкінутай на дзесяцігоддзі ў мінулае. Але наш урад, які прывёў да такой сітуацыі, у адстаўку не збіраецца. Ды ад яго мала што і залежала: уся паўната ўлады ў Беларусі была і застаецца сканцэнтраванай у руках аднаго чалавека. Толькі ён мусіць адказваць за тое, што здарылася. Падыміце падшыўку газет канца лістапада-пачатку снежня. Там распісана, як беларусы выходзяць на еўрапейскі ўзровень жыцця цягам наступнага пяцігадовага тэрміну пад ягоным кіраўніцтвам. Падобна на тое, што нас у чарговы раз аблапошылі. Беларусы пратэстуюць супраць такой палітыкі. Кожную сераду ў дзесятках гарадоў рэспублікі ладзяцца маўклівыя пратэсты. Людзі выходзяць на цэнтральныя плошчы і проста маўчаць або пляскаюць у ладкі. Але людзі ў цывільным, тайныя службы прэзідэнта, накідваюцца на такіх “дэманстрантаў” і, прымяняючы грубую сілу, закідваюць іх у аўтобусы, а потым судзяць. С пачатку падобных акцый за два-тры месяцы асуджана каля 2 000 чалавек.