- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Так атрымалася, што якраз 1-га красавіка, у дзень смеху, мне закарцела вырашыць цукровую праблему. Менавіта, набыць мяшок цукру. Справа ў тым, што я да ўсёй астатняй гаспадаркі маю дзесятак пчаліных сем’яў. А пчолы, як вядома, патрабуюць вясновай падкормкі. Бо, калі ты гэтага не зробіш ранняй вясной, на добры мёд можаш не разлічваць. Сабраўшы неабходныя грошы я паехаў ва ўніверсам. Мне здавалася, што найбольшы райцэнтраўскі магазін, які, як пісалі ў газетах, мае больш чым 6 000 назваў тавараў, мне дапаможа найлепш. Але тут бездапаможна развялі рукамі: наяўнага меху цукру ў магазіне не было. Такім жа быў адказ у “Дзяжурным” і “Хлебным”. У краме на Лепельскім кірунку, куды я дабраўся а палове дзевятай раніцы, мяне абнадзеілі: “Толькі што мы прадалі апошнія два мяшкі”. У краме “На малінавай” мая надзея ўрэшце ўрэчаіснілася. Па словах прадавачак, адзін мяшок цукру быў у наяўнасці. Але, пасля таго як я разлічыўся, аказалася, што той мяшок паехаў па прызначэнню яшчэ ўчора вечарам, пра што прадавачкі запамятавалі. Забраўшы назад грошы, я кінуўся на іншы канец горада. У “Рамонку” мяне запісалі на чаргу ў аўторак. У чарговай краме “На Моладзевай” патлумачылі адсутнасць цукру тым, што напярэдадні нейкі дзед на кані скупіў увесь цукар у колькасці шэсць мяхоў. Але тут мяне супакоілі, што набыць мех цукру не праблема і пры мне патэлефанавалі на базу. Праўда, пасля размовы з базай аптымізм прадавачкі раптоўна прапаў.