- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Шаноўныя чытачы! Перад вамі першы нумар літаратурнага бюлетэня “Кніганоша”. Гэта супольны “твор” Саюза беларускіх пісьменнікаў і Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Патрэба ў такім бюлетэні наспела даўно. Вядома, як няпроста своечасова даведацца пра новыя кнігі. Выдавецтваў ды выданняў шмат, але да гэтага часу няма адзінай крыніцы інфармацыі пра навінкі беларускамоўнага друку. Між тым, у Беларусі выходзіць усё больш і больш беларускамоўнай літаратуры. Патрэбу ў стварэнні падобнага “кніжнага” бюлетэня выказвалі і прадстаўнікі розных выдавецтваў, і аўтары, і чытачы. Кожнае з прадстаўленых у бюлетэні выдавецтваў цікавае і ўнікальнае, мае свой кірунак, сваю адметнасць. Адны друкуюць кнігі па філасофіі, другія — мастацкую літаратуру (творы сучасных аўтараў альбо класікаў), трэція папулярызуюць абсалютна невядомую чытачу гісторыю і культуру беларускага замежжа, а іншыя выдаюць слоўнікі, даведнікі ды кнігі па гісторыі Беларусі. Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне “Бацькаўшчына” даўно і актыўна супрацоўнічаюць з беларускімі аўтарамі і даследчыкамі. Нашы кнігі друкуюцца ў розных выдавецтвах. Таму было вырашана аб’яднаць намаганні і стварыць вось такі адмысловы бюлетэнь, які адчыніць дзверы ў багаты свет беларускага сучаснага кнігадрукавання, пазнаёміць з навінкамі літаратуры і аблегчыць вам выбар кніг, якія могуць зацікавіць сучаснага чытача.