Кніга Евы Вежнавец выйшла па-дацку
2025-09-04 16:22
У дацкім выдавецтве Palomar выйшаў пераклад з беларускай мовы кнігі Евы Вежнавец «Hvad søger du, ulv?» («Па што ідзеш, воўча»). Перакладчыкам аповесці выступіў Гаральд Гартвіг Епсэн (Harald Hartvig Jepsen).
Нагадаем, што кніга Евы Вежнавец упершыню выйшла па-беларуску ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» у 2020 годзе і зазнала некалькі перавыданняў. У кнізе апавядацца пра Рыну, алкагалічку сярэдніх гадоў, якая з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала ейная старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, — спакой. Але дома яе чакае неспадзяванка — старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць. Жанр гэтай кнігі — балотная казка.
Раней аповесць выходзіла ў перакладах на нямецкую, чэшскую, шведскую, нарвежскую, польскую мовы. «У працэсе падрыхтоўкі і іншыя пераклады», —
кажуць у выдавецтве.