- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хатняе стагоддзе – кніга роздум, кніга-хроніка. Сакрат Яновіч, як зазначае сам, пішучы нешта, вяртаецца, шліфуе кожнае слова, кожны сказ так, каб нават найкарацейшае выказванне давала поўны спектр вобразаў, пачуццяў, уяўленняў. Ён не марнуе словаў, не стварае з іх шырока-доўгага апісання нейкай з’явы. Стараецца адным-двума словамі, трапна дабранымі, дашліфаванымі, выказаць усю поўніцу таго, што кружыць па галаве, што вярэзіць душу, што хочацца і неабходна пераказаць іншым. Кніга “Хатняе стагоддзе” – своеасаблівая хроніка падзей, гістрарычных завірухаў, паказаных праз прызму сялянскага побыту, убачаных вачамі звычайнага чалавека. Гэта яго разуменне свету і гісторыі, гэта яго досвед і погляд на тое, што адбывалася. Свет, апісаны ў кнізе – мінулае стагоддзе, з войнамі, з нягодамі, з узлётамі і ўпадкамі беларускага жыцця на Беласточчыне. Свет, бачаны з перспектывы асобы, на вачах якой адбывалася большасць падзей. Таго свету ўжо няма. Ён застаўся ва ўспамінах. Ён запісаны ў “Хатнім стагоддзі”.