- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пасля заканчэння святой Імшы на Стэпавай арэне ва Улан-Батары Святы Айцец падзякаваў уладам і народу Манголіі за гасціннасць і дар сяброўства, а таксама даслаў прывітанне кітайскаму народу. Перад тым, як падзякаваць мангольскаму народу за сардэчны прыём, Папа запрасіў да сябе двух кітайскіх біскупаў і сказаў наступнае: “Гэтыя два браты – біскупы: біскуп Ганконгскі на пенсіі і цяперашні біскуп Ганконга. Я хацеў бы скарыстацца іх прысутнасцю, каб паслаць цёплае прывітанне высакароднаму кітайскаму народу. Усяму народу я жадаю ўсяго найлепшага, рухацца наперад, заўсёды ісці да прагрэсу. А кітайскіх католікаў я прашу быць добрымі хрысціянамі і добрымі грамадзянамі”. Затым Папа Францішак заўважыў, што адправіўся ў пілігрымку “з вялікім чаканнем”, з жаданнем сустрэцца з народам Божым, які жыве ў Манголіі. Ён падзякаваў Богу за гэты народ, за тое, што Ён любіць чыніць вялікія справы праз малых. Пантыфік падзякаваў мангольскім вернікам за тое, што яны “добрыя хрысціяне і сумленныя грамадзяне”, і заахвоціў іх ісці наперад, адчуваючы блізкасць і падтрымку ўсяго Касцёла і, перш за ўсё, “ласкавы погляд Пана, Які ні пра каго не забывае і з любоўю глядзіць на кожнага”.