Польшча – вялікая крыніца для беларускага краязнаўства, – так лічыць краязнаўца з Докшыччыны Кастусь Шыталь. Адсочваючы інтэрнэт-аўкцыёны і букіністычныя каталогі ён знайшоў дзясяткі рэдкіх фотаздымкаў сваёй малой радзімы з 20-30 гадоў мінулага стагоддзя. Кастусь – сённяшні Госць Рацыі. З ім пра яго знаходкі і адкрыцці паразмаўляў Васіль Кроква.
РР: Даследаванні і пошукі ў Польшчы, як гэта ўсё адбываецца і наколькі гэтыя знаходкі часта здараюцца?
Кастусь Шыталь: Пошук гістарычных крыніц і артэфактаў – гэта няспынны працэс, таму што гэта не супермаркет, што зайшоў, узяў з паліцы тое, што трэба, і маеш. Трэба пастаянна адсочваць аўкцыёны, каталогі антыкварыятаў, і перыядычна з’яўляюцца вельмі каштоўныя рэчы. Ніколі не ведаеш, у які момант што з’явіцца. Часамі нейкі здымак падпісаны няправільна, таму трэба вельмі ўважліва гэтыя каталогі глядзець. Гэта, можна сказаць, трохі азартны працэс, бо, напрыклад, адна рэдкая глыбоцкая паштоўка, пра якую я ведаў, што яна існуе, бо ёсць у калекцыі хіба што самага вядомага беларускага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, і раптам праз 10 гадоў пошукаў яна з’яўляецца ў нейкага прадаўца ў Маскве. І вось на мінулым тыдні я яе аплаціў – 96 еўра каштавала. Яна каштоўная тым, што на ёй адлюстраваны будынак, у якім была першая ў Глыбокім кнігарня, у якой прадавалі на пачатку ХХ стагоддзя беларускія кнігі. А таксама друкарня, у якой выйшла першая серыя каляровых паштовак Глыбокага.
РР: Калі казаць пра самыя каштоўныя знаходкі, што гэта было?
Кастусь Шыталь: Самае каштоўнае, мабыць, гэта мастацкія краязнаўчыя фотаздымкі Ежы Гадулевіча. Ён быў фотамастаком і нейкі час працаваў кіраўніком школы ў Залессі каля Глыбокага, пасля чыноўнікам у павятовым старостве, і можна сказаць, што па ягоных здымках у міжваенны час шырокія колы людзей бачылі Глыбокае, таму што імі ілюставалі манаграфію “Глыбокае” гісторыка Отана Гедэмана, якая выйшла ў 1935 годзе, “Краязнаўча-турыстычны даведнік па Віленшчыне і Наваградчыне”, які пераважна быў ілюстраваны здымкамі Глыбокага і Глыбоччыны, артыкул у адным з самых вядомых польскіх часопісаў «Tygodnіk Ilustrowany», плюс шматлікія альбомы, паштоўкі таксама выдаваліся па ягоных здымках. І вось у адным з варшаўскіх антыкварыятаў прадаваліся ў раздроб здымкі аднаго з ягоных альбомаў. Там былі здымкі Глыбокага і ваколіц. Я іх купляў па 300 злотых за штуку, але іх вельмі важна захаваць, праз чатыры гады на іх скончацца аўтарскія правы, можна падумаць, які нейкае выданне зрабіць – альбом ці што.
РР: Тыя матэрыялы, якія ты знайшоў, ці можна з гэтага скласці вялікі альбом пра Глыбоччыну 20 – 30-х гадоў?
Кастусь Шыталь: У нейкім сэнсе можна, хоць мне б хацелася, каб гэтая праца была ўвогуле часткай доўгай працы глыбоцкіх краязнаўцаў. Таму я не імкнуся да таго, каб уласны альбом выдаць, а проста дзялюся гэтымі сканамі з глыбоцкімі краязнаўцамі, настаўнікамі, публікую іх у сваім фэйсбуку, загружаю на Вікіпедыю. Проста, каб гэта было даступна, каб усе маглі спакойна карыстацца.
За пошукамі краязнаўца з Докшыччыны Кастуся Шыталя сочаць тысячы беларусаў. Пра свае знаходкі і адкрыцці ён паведамляе ў сваім фэйсбуку.
Многія беларусы дапамагаюць яму ў набыцці рэдкіх гістарычных артэфактыў.
Цалкам гутарка - у далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя