Kamunikat і яго сацсеткі сталі «экстрэмісцкімі». Быць падпісаным на іх, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі або ездзіце туды, — небяспечна
2025-10-05 22:05
Як паведамляе ў сваім Telegram-канале Праваабарончы цэнтр «Вясна», Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» — у яго дадалі больш за 30 старонак. Такім чынам у Беларусі «экстрэмісцкімі» прызналі ўжо сотні інтэрнэт-сайтаў. Сярод дадзеных апошнім часам у спіс «экстрэмісцкіх» старонак ёсць і
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, якая ў гэтым годзе адзначае 25-цігоддзе дзейнасці, а таксама яе сацыяльныя сеткі
Facebook,
X і
Telegram.
«
Гэта было непазбежна, — лічыць
кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк. —
Пасля блакіроўкі нашага сайта міністэрствам прапаганды і дэзінфармацыі ў ліпені 2023 году чыноўнікі рэжыму вырашылі далей змагацца з беларускай літаратурай. Так, менавіта з літаратурай, пра што сведчаць іншыя рэсурсы, якія разам з намі трапілі ў спіс».
Там з’явіліся таксама тры нумары часопіса
«Беларусь і свет», кніга Цімаці Снайдэра
«Пра свабоду», а таксама
«Код адсутнасці» і
«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча.
Акрамя гэтага, у «экстрэмісцкі спіс» дадалі сайт
«Беларускага нацыянальнага пашпарту», Instagram-старонку кавярні
«Карчма ў Вільні», сацсеткі ініцыятывы
«Фемгруппа Беларусь» і крамы сувеніраў у Вільні
«KROPKA».
«
Наш шлях да экстрэмізму скончыўся, — гаворыць з сарказмам Яраслаў Іванюк. І зусім сур’ёзна дадае: —
Але наша праца не скончылася. Надалей будзем адлічбоўваць беларускую прэсу, запісваць аўдыякнігі сучасных беларускіх аўтараў, выдаваць папяровыя кнігі і папаўняць рэсурсы Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org».