Госця нашага эфіру – Ірына Ляшкевіч, педагог, стваральніца фальклорнага гурта «Каляжанкі», спявачка. Мы папрасілі Ірыну падзяліцца сваімі ўражаннямі ад гастроляў «Каляжанак» у Польшчы гэтым летам.
– Прыезд у Беласток быў не ўпершыню. У чэрвені мы з «Каляжанкамі» бачыліся на фестывалі «Сонца грай!». Пасля такога доўгага перапынку гэта была для нас як генеральная рэпетыцыя перад запісам «Бяседных песень» у жніўні. Уражанні – самыя лепшыя.
Звычайна ў Беларусі такія фестывалі праводзяцца падобна – на вуліцы, у дамах культуры. Для нас новым было, што ў Польшчы крыху інакш – мы спявалі на вуліцы ў вёсцы ў Дубічах Царкоўных, а пазней у Саколе. І гэта вельмі натуральна, блізка – вясковае наваколле, лес. Гучанне песні ў такім разе вельмі гарманічнае, суладнае.
Я ўжо год жыву ў Заходне-Паморскім ваяводстве. І калі прыехала на Падляшша, было адчуванне, што ў Беларусі. Усе дні, якія я правяла на Падляшшы, было адчуванне, што я дома. Мова падобная. Калі я спрабавала па звычцы размаўляць па-польску, мне адказвалі: «Размаўляй па нашаму, па-падляшску!» Мы з цікавасцю слухалі выступленні іншых калектываў, усе яны былі самадзейныя, непрафесійныя.
Дарэчы, у «Каляжанак» – сапраўдныя касцюмы. У астатніх мы бачылі стылізаваныя і пашытыя ўжо ў наш час строі.
Мы ў свой час ездзілі па нашых вёсках і шукалі касцюмы, адна жанчына прапанавала зазірнуць у куфар яе бабулі. І там мы ўбачылі сапраўдны скарб – тканыя, вышываныя сарочкі, спадніцы. У нас сапраўдныя, аўтэнтычныя строі, якія насілі раней...
Слухайце размову цалкам у далучаным файле!
вх