У Інстытуце
падкрэсліваюць, што рэгістрацыя адкрые новыя магчымасці, дазволіць «актывізаваць працу і зрабіць арганізацыю больш устойлівай і празрыстай».
У сувязі з гэтай падзеяй ініцыятыва таксама абвясціла пра рэстарт тэарэтычнага семінару. Наступная сустрэча запланаваная на 22 красавіка ў Варшаве. Яна будзе прысвечаная тэме «Беларуская кніга: што гэта такое і як мы яе ўспрымаем». Удзельнікі плануюць абмеркаваць успрыманне беларускай кнігі ўнутры краіны і за мяжою, яе ролю як культурнага маркера, а таксама падзяліцца асабістым досведам. Пра месца правядзення паведамяць пазней.
Інстытут беларускай кнігі з’явіўся на пачатку 2023 года як ініцыятыва прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і дыяспары. Яго стварэнне было адказам на актуальны стан кнігавыдавецтва на беларускай мове і неабходнасць падтрымліваць нацыянальную культуру.
Арганізацыя задумвалася як шырокая платформа, што аб’ядноўвае аўтараў, перакладчыкаў, выдаўцоў, дызайнераў, бібліятэкараў, крытыкаў, даследнікаў, блогераў і чытачоў, а таксама культурныя ініцыятывы і валанцёраў.
Сярод асноўных мэтаў Інстытуту – прамоцыя і рэпрэзентацыя беларускай кнігі ў свеце, падтрыманне кніжнай супольнасці, пашырэнне распаўсюду беларускай кнігі і інш.
Нагадаем, што апошнім часам супраць беларускіх кнігавыдаўцоў
распачалася хваля рэпрэсіяў. 16 лютага КДБ занёс у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» выдавецтва Gutenberg Publisher, зарэгістраванае ў Польшчы.
Ужо на наступны дзень сілавікі правялі ператрус у менскім выдавецтве «Тэхналогія», забралі абсталяванне і спынілі яго працу. Тады ж затрымалі каля дзесяці чалавек, у тым ліку дырэктара Вацлава Багдановіча, перакладніка Змітра Коласа і распаўсюдніка кніг Алеся Яўдаху (26 сакавіка Багдановіч і Яўдаха выйшлі на волю, Зміцер Колас дасюль застаецца за кратамі). Некаторым далі 14–15 содняў, паведамлялася і пра іншыя выпадкі ціску і прыкметы гвалту.
3 сакавіка КДБ абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем» так званую «кааліцыю выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў» – структуру, што фактычна не існавала. У яе ўключылі асобныя беларускія і замежныя выдавецтвы, у тым ліку Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing.