- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Забалаць — маленькая прыгожая вёска, якая раскінулася ў адну вуліцу непадалёк ад ракі Случ. Менавіта тут нарадзілася і вырасла маці знакамітых слуцкіх мастакоў Міхаіла і Уладзіміра Басалыгаў. Яе дзявочае прозвішча Палазнік. Я прыехала на ровары ў вёску халоднай раніцай лістапада. Уздоўж адзінай вуліцы прыгожыя хаты. У кагосьці яны не змяніліся з часоў пабудовы. Некаторыя гаспадары палепшылі дамы з прымяненнем сучасных матэрыялаў, перарабілі іх на новы лад. Але хараство народнай архітэктуры нішто не заменіць. Здалёк убачыла, як насустрач ідзе жанчына з палкамі для скандынаўскай хадзьбы. Знаёмімся. Маю суразмоўцу завуць Валянціна Кіслякова. Нарадзілася ў Забалаці. Аднакласніца Яўгеніі Сыцько, знакамітай старасты вёскі Гарадзішча. Дзявочае прозвішча Валянціны — Гурыновіч. Доўгія гады працавала на Поўначы Расіі. У Валянціны тры дачкі, дапамагае выхоўваць пяцярых унукаў. Калі выйшла на пенсію, прыехала ў бацькоўскую хату. Жыве разам з матуляй Нінай Іванаўнай. Дарэчы, яе маці — старэйшая жыхарка вёскі. Ёй 93 гады. Валянціна расказала пра свае заняткі. Захапляецца вырошчваннем кветак. Участак Валянціны немаленькі, хапае на гародніну, садавіну, нават збожжавыя. Летам з ёю адпачываюць унукі. Самы галоўны памочнік па гаспадарцы пайшоў у гэтым годзе ў першы клас. Маёй суразмоўцы падабаецца вясковая цішыня і пакой. Ад яе я даведалася, што ў вёсцы пяць мясцовых пастаянных жыхароў. Гэта жанчыны ва ўзросце 93, 86, 82 гады і двое мужчын. Астатнія дачнікі.