- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Маленькія вёскі вельмі цікавыя сваёй непаўторнай атмасферай. Менавіта тут вуліцы не заасфальтаваныя, а падворкі захоўваюць дух мінуўшчыны. Дамы стаяць не па лінейцы, а ў дызайне двароў можна ўбачыць асабістыя рысачкі. Кожны раз падчас велавандровак уважліва ўглядаюся ў дамы і двары ў гэтых вёсачках. На вялікі жаль, людзей тут можна сустрэць вельмі рэдка. Прычына вядомая: моладзь не застаецца, старыя сыходзяць з жыцця. Кожнаму чалавеку радуюся, як Рабінзон Круза Пятніцы. У апошні час праехала па вёсках Копань, Новае Жыццё (народная назва Падвоўч'я), Гарохаўка. У Копані сустрэла велізарнага сабаку, які свабодна гуляў па вуліцы. Малюпасенькая вёска раскінулася сярод палёў. У ёй адна вуліца і два завулкі. Вельмі ціха, спакойна. Здалёку прамільгнула жанчына, якая пайшла на падворак. Паклікаць яе не паспела. Архітэктура дамоў традыцыйная. Некаторыя хаты ўладкаваны па-сучаснаму. Убачыла металічныя брамы з арыгінальнымі элементамі. У палявой вёсцы Новае Жыццё таксама ціха. Дзве жанчыны працавалі ў глыбіні двароў. Адцягваць іх ад працы не стала. Вельмі злыя сабакі. У некаторых падворках яны не прывязаныя. Калі ўбачылі мяне, спрабавалі пераскочыць плот. Больш за ўсё пашанцавала ў Гарохаўцы. Сабак не відаць. Ціха.