- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Слуцкі пенсіянер Анатоль Богуш лічыць, што ён стаў ахвярай агрэсіўнага маркетынгу. У мінулым годзе на адной з прэзентацый ТАА «Іноксія» ён заключыў дамову на набыццё кухоннага посуду коштам у 1489 рублёў ды ўнёс задатак памерам у 200 рублёў. Аб гэтым цяпер вельмі шкадуе. «Вы паглядзіце на мяне: дзе я і дзе гэтыя каструлі?» — уздыхае Анатоль Богуш, седзячы перад наборам бліскучага посуду. Чаму раптам 83-гадовы пенсіянер адчуў у чэрвені 2018 года такую вострую неабходнасць у набыцці «італьянскага высокатэхналагічнага посуду» вытворчасці «Іноксія»? Па словах нешчаслівага ўладальніка рондаляў, ён нібыта патрапіў пад гіпноз падчас прэзентацыі. фірмы так настойліва і ветліва запрашалі па тэлефоне прыйсці ў кавярню і пазнаёміцца з апошнімі дасягненнямі ў галіне посуду, што я не вытрымаў і прыйшоў, — падзяліўся сваёй гісторыяй Анатоль Іванавіч. — Да таго ж абяцалі бясплатныя падарункі. У Слуцку не так шмат забаў для самотных пенсіянераў. Чаму б і не пайсці? Думаў: пасяджу, пагляджу на людзей і на новае высокатэхналагічнае цуда і пайду дамоў. Але дамоў мяне ўжо везлі з кухонным наборам. Сам я нават не зразумеў, як гэта адбылося. Ужо назаўтра неяк ачухаўся і ўбачыў, што зрабіў вялікае глупства. Такі даражэзны посуд мне аніяк непатрэбны, хай бы ён і вельмі карысны. Пражыў да 80-ці гадоў без яго, мог бы жыць і далей. Да таго ж гэтыя рондалі вельмі цяжкія, вывальваюцца з хворых рук. Напісаў заяву ў Гродненскае прадстаўніцтва „Іноксіі“, каб вярнулі аванс і забралі свае рондалі».