- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
25 сакавіка адзначаецца неафіцыйная дата — Дзень Волі. З 25 сакавіка 1918 года і дагэтуль Беларусь існуе на палітычнай карце Еўропы як самастойная адзінка. Як ні стаўся да беларускага нацыянальнага руху і беларускага народа, факт такі: менавіта ў Трэцяй статутнай грамаце Рады БНР Беларусь упершыню ў гісторыі была абвешчана суверэннай дэмакратычнай дзяржавай. Прапануем вашай увазе перасказ архіўнага матэрыялу Алеся Чайчыца (Інстытут беларускай гісторыі і культуры), які раней быў апублікаваны на нашым сайце kurjer.info. Канчалася Першая сусветная вайна. Пасля рэвалюцыі 1917 года развальвалася Расійская імперыя. У пачатку сакавіка 1918 года ў беларускім Брэсце расійскія бальшавікі заключылі мір з Нямеччынай. Па ўмовах міру Расія адмаўлялася ад Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны. Выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда вырашыў: Беларусь не павінна застацца «нічыёй зямлёй», яе лёсам павінны распараджацца самі беларусы, а не немцы ці бальшавікі. Легітымнае самаарганізаванае мясцовае прадстаўніцтва ўзяло на сябе адказнасць за будучыню краіны, выдаўшы тры статутныя граматы, у якіх абвяшчаўся дзяржаўны суверэнітэт Беларусі. Беларусь абвясціла аб стварэнні самастойнай дзяржавы праз лічаныя тыдні пасля Эстоніі.